- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Анімацыйны фільм «Пуцяводная зорка» (The Star)

[1]Доўгія зімовыя вечары быццам запрашаюць сабрацца разам усёй сям’ёй і паглядзець штосьці цікавае. Напрыклад, мультфільм “Пуцяводная зорка”.

Гэта амерыканскі поўнаметражны анімацыйны фільм знакамітай кінастудыі Sony Pictures Animation. Стужка выйшла ў пракат у 2017 годзе, сабраўшы больш за 62 мільёны даляраў ва ўсім свеце і атрымаўшы вельмі неадназначныя водгукі.

Цікава, што сцэнарый быў створаны яшчэ напрыканцы 90 гадоў ХХ стагоддзя і толькі ў 2017 увасобіўся ў жыццё. Сюжэт яго і сапраўды не самы тыповы для мультфільма пра Божае Нараджэнне. Таму, калі вырашыце глядзець з дзецьмі, варта для пачатку прачытаць урывак са Святога Пісання і абмеркаваць яго, а потым паглыбляцца ў цікавую казку.

Калі да Марыі прыходзіць анёл Габрыэль і абвяшчае навіну пра нараджэнне Збаўцы, размову чуе тушканчык Эбі. Ён распавядае пра цуд іншым жывёлам.

А ў гэты час безыменны вослік працуе на млыне і праз шчыліну заўважае зорку, што свеціць ярчэй за астатнія. Ён упэўнены: павінен адбыцца цуд. Увогуле вослік верыць у цуды і мае мару – суправаджаць караван караля. Бацька ж называе разважанні сына глупствам: навошта марыць, калі доля асла – усё жыццё працаваць?

Паводле задумы сцэнарыстаў, вослік уцякае з млына і трапляе ў сям’ю Марыі і Юзафа. Там маладая цяжарная дзяўчына дае яму імя Бо і прымае ў дом. Але вослік не хоча заставацца ў Назарэце. Зусім хутка побач пройдзе караван караля. Бо разам са сваім сябрам – голубам Дэйвам – яны абавязкова павінны апынуцца ў тым караване і суправаджаць валадара.

[2]

Ці здзейсніцца мара Бо і якім чынам? Глядач даведаецца пра гэта падчас прагляду. Стваральнікі кінастужкі добра раскрываюць тэму летуценняў. Навошта марыць, калі ты проста вослік на млыне? Ці дастаткова проста мець мару або трэба прыкладаць намаганні, каб яна споўнілася?

Дарэчы, апроч восліка, голуба і тушканчыка ў мультфільме ёсць шмат іншых цікавых жывёл і птушак. Напрыклад, вярблюды, якія везлі трох мудрацоў услед за зоркай, авечкі, што першыя сустрэлі маленькага Хрыста, а таксама каза, цялятка, ягня і іншыя.

Прыгожа раскрываецца ў кінастужцы тэма сяброўства. Дэйв – птушка, якая ў любы момант можа паляцець, куды захоча. Нягледзячы на свае магчымасці, голуб застаецца пры восліку, дапамагаючы ў складаных сітуацыях, падтрымліваючы ў цяжкія хвіліны, радуючыся супольным маленькім дасягненням.

Нельга не адзначыць своеасаблівы гумар, якім прасякнуты мультфільм, а таксама цеплыню і радасць, якія нясе кожны герой, – ад Маленькага Езуса да простага восліка Бо.

Вікторыя Філіпенка