- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Анімацыйны фільм «Плынь»

[1]Апошнія становяцца першымі. Гэта адбываецца зноў і зноў, і штораз захапляе. Вось і 2024 год, што быў багаты на эпічныя кінакарціны і шматмільённыя блокбастары, запомніцца мне сціплым зачараваннем нямога латышскага мультфільма пад назвай «Плынь» (латыш. Straume, англ. Flow).

У доме мастака сярод лесу жыве чорны кот. Днём ён блукае па ваколіцы, шукае ежу і даследуе свет, а ўвечары вяртаецца ў гаспадарскі дом. Вакол дома расстаўленыя шматлікія скульптуры катоў, у доме на працоўным стале – эскіз і недаробленая скульптура. Самога ж гаспадара не відаць, і кот дрэмле ў яго ложку.

Аднойчы ў лесе ля ракі кот натыкаецца на зграю сабак, якія кідаюцца за ім наўздагон. Кату ледзь удаецца ўратавацца, як адбываецца нешта дзіўнае. Спачатку ў небе праносіцца чарада птушак, затым сабакі, што хвіліну таму пераследавалі ката, прабягаюць міма, не звяртаючы на яго ўвагі. Раптам з лесу вылятае статак аленяў і ледзь не затаптвае спалоханага ката. Імгненне цішыні – і з глыбіні лесу падымаецца вялізная хваля, якая змывае ўсё на сваім шляху.

Кату ўдаецца выплысці на сушу і вярнуцца ў дом, але наступным ранкам вада пачынае прыбываць. Марудна, але няўхільна яна запаўняе нізіну, затапляе дом і скульптуры вакол яго, пакрывае вершаліны дрэў. У апошні момант кату ўдаецца заскочыць у човен, каторы праплывае побач. Выжылыя жывёлы пачынаюць падарожжа ў невядомае, будучы цалкам ва ўладзе плыні.

Першае, што хочацца сказаць пра гэты фільм, – ад яго немагчыма адарвацца. Спакойны і размераны, ён валодае нейкай магічнай прыцягальнасцю. Рэалістычная зямная прырода тут суседнічае са слядамі нейкай загадкавай цывілізацыі, звыклыя звяры суіснуюць з незвычайнымі, і кожны новы кадр прыадкрывае таямніцы гэтага дзівоснага свету, але зусім крыху. І хочацца глядзець далей, каб убачыць больш.

На фоне рэалістычнай прыроды некалькі дзіўна глядзяцца спрошчаныя фігуры галоўных герояў, быццам яны са старой камп’ютарнай гульні. Але дзякуючы таленту стваральнікаў тое, што магло стаць слабасцю фільма, пераўтварылася ў яго адметнасць. Героі хоць і маюць дзіўнаваты від, але глядзяцца жывымі і кранальнымі, іх спрошчаная знешнасць адасабляе іх ад навакольнай прыроды, характары іх яркія, а павадкі – пацешныя і пазнавальныя.

Позірк прыцягвае і цікавая аператарская праца. Камера назірае за падзеямі доўгімі бесперапыннымі планамі, выбірае нечаканыя ракурсы і неадступна рухаецца за персанажамі, уцягваючы гледача ў дзеянне і прымушаючы перажываць за герояў. Бясслоўнае апавяданне робіць акцэнт на гуку, і ён становіцца паўнавартасным апавядальнікам. Спалоханае мяўканне і гуллівы брэх, мяккія крокі лап і мерны тупат тысяч капытоў – усё гэта стварае непаўторную палітру бясслоўнага фільма, дзе кожны гук нясе не менш сэнсу, чым змястоўны дыялог.

Карціна напоўненая сімваламі і архетыповымі вобразамі, што дае шырокую прастору для пошуку сэнсаў і інтэрпрэтацый. У фільме можна разглядзець і гісторыю пра бежанства, і аповед пра пераадоленне адрозненняў, і прытчу пра жыццёвыя нягоды.

Праз наступ стыхіі героі губляюць свае дамы, сваю зямлю, свой звычайны лад жыцця і вымушаныя адправіцца ў невядомае. Дарогай іх чакае верная гібель, калі яны – розныя па характарах, павадках, і нават біялагічным відзе – не навучацца заўважаць адно аднаго, разумець і прыходзіць на дапамогу. Цікавым мастацкім ходам тут з’яўляецца пераход ад жывёльнага да чалавечага. На пачатку фільма героі паводзяцца, як звычайныя жывёлы, але, трапіўшы ў смяротную небяспеку, яны вымушаныя ўзаемадзейнічаць, і іх пацешныя жывёльныя павадкі пераўтвараюцца ў свядомыя чалавечыя ўчынкі.

Ключавую ролю ў аповедзе адыгрывае вобраз воднай стыхіі, якая сімвалізуе і саму плынь жыцця, і абставіны непераадольнай сілы. Прыход вады – не важна, глабальная гэта праблема ці асабістая бяда, дробная непрыемнасць ці вялікая трагедыя – заўсёды адбываецца знянацку. Затапляючы нашыя дамы, жыццёвыя цяжкасці выбіваюць глебу з-пад ног, вымушаюць бегчы і шукаць паратунку, шукаць дапамогі і аказваць падтрымку. Вада падымаецца, і ёсць рызыка ўпасці ў адчай. Але чым большая вада, тым бліжэй да неба.

Стах Лысы