- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Анімацыйны фільм «Галаваломка 2»

Галоўным касавым хітом гэтага лета, а хіба што і ўсяго года, стаў анімацыйны фільм «Галаваломка 2». Чым не нагода прыгадаць першую частку, якая выйшла амаль дзесяць гадоў таму, і ацаніць нашумелую навінку…

[1]

Базавыя эмоцыі – Радасць, Журба, Страх, Гнеў і Агіда –сутыкаюцца з новай эмоцыяй Райлі – Трывожнасцю

Райлі – адзінаццаць гадоў. Яна ходзіць у школу, сустракаецца з сяброўкамі, захапляецца хакеем і любіць пагарэзіць. Калі ж зазірнуць да яе ў галаву, то працэсам там кіруе пяць базавых эмоцый: Радасць, Журба, Страх, Гнеў і Агіда. Пры дапамозе адмысловага пульта яны вызначаюць паводзіны дзяўчынкі. Тут жа, у галаўны́м цэнтры Райлі, збіраюцца ўсе яе ўспаміны за дзень. Выглядаюць яны як невялікія шкляныя шары розных колераў: залацістыя – гэта радасныя ўспаміны, сінія – журботныя, чырвоныя – гнеўныя. У канцы дня ўспаміны адпраўляюцца ў спецыяльнае сховішча, каб вызваліць месца для перажыванняў новага дня.

Спачатку ўсе эмоцыі жывуць дружна пад верхаводствам Радасці, але пасля таго, як дзяўчынка з бацькамі пераязджае з роднай Мінесоты на новае месца жыхарства ў Сан-Францыска, звыклы свет Райлі руйнуецца. Журба, прызначэнне якой не разумеюць ні іншыя эмоцыі, ні яна сама, спрабуе змяніць эмацыйную афарбоўку шчаслівых успамінаў з мінулага. Радасць жа ўсімі сіламі намагаецца гэтага не дапусціць. У выніку канфлікту яны абедзве выпадаюць з галаўнога цэнтра і разам з шарамі ўспамінаў трапляюць у доўгачасовую памяць. Страціўшы гэтыя эмоцыі, Райлі ўпадае ў апатыю, і ў структуры яе асобы пачынаюцца разбуральныя змены.

Замахнуўшыся на такую складаную тэму, як чалавечая псіхіка, аўтары фільма справіліся на дзіва ўдала, з фантазіяй і вынаходлівасцю. Хто б мог падумаць, што можна так трапна, наглядна і адначасова весела візуалізаваць свет эмоцый, іх узаемаадносіны, прыгоды і нават драму?!

Зрэшты, не толькі эмоцыі знаходзяць тут сваё вобразнае ўвасабленне. Шары ўспамінаў, афарбаваныя ў колеры эмоцый, астравы, якія характарызуюць асобу, лабірынты доўгачасовай памяці, аддзел абстрактнага мыслення, фабрыка па вытворчасці сноў, пячора падсвядомасці і бездань забыцця – гэтае ды многае іншае чакае гледача ў захапляльным падарожжы па ўнутраным свеце Райлі.

Асабіста мне вельмі заімпанавала тое, што гэты фільм рэабілітуе Журбу, якую прынята моцна недаацэньваць у сучасным свеце, арыентаваным на ўсё пазітыўнае. Эмоцыя, каторая напачатку толькі перашкаджае Радасці весці Райлі па жыцці, з часам знаходзіць сваё прызначэнне і аказваецца не менш важнай, а ў некаторых справах і куды важнейшай эмоцыяй, чым усе астатнія.

Другая частка працягвае гісторыю сталення Райлі. Цяпер ёй трынаццаць, і яна збіраецца паступаць у старэйшую школу. За гэты час яе эмоцыі выяўляюць новы аддзел свядомасці дзяўчынкі – Самасвядомасць. У ім захоўваюцца ўспаміны і пачуцці, што фарміруюць перакананні Райлі. Радасць мае намер напоўніць Самасвядомасць толькі пазітыўнымі ўспамінамі, адпраўляючы ўсё іншае на задворкі свядомасці дзяўчынкі.

Тым часам Райлі і яе найлепшых сябровак Бры і Грэйс запрашаюць на выходныя ў хакейны летнік, дзе Райлі спадзяецца дабіцца месца ў дарослай камандзе. У ноч перад лагерам у галаўным аддзеле спрацоўвае сігнал пра наступленне пераходнага ўзросту, туды ўрываецца група рабочых, яны ўсё раскурочваюць і абнаўляюць пульт кіравання. Раніцай эмоцыі спрабуюць працаваць з новым пультам, але Райлі дзіўна рэагуе на любыя іх каманды. А тым часам у галаўным аддзеле аб’яўляюцца новыя эмоцыі: Трывожнасць, Зайздрасць, Сорам і Нуда. У іх сваё бачанне, як зрабіць Райлі шчаслівай.

Па сваёй структуры «Галаваломка 2» паўтарае асноўныя сюжэтныя лініі першага фільма, і гэта робіць яе менш арыгінальнай. Драматычны складнік таксама некалькі слабейшы. Ёсць і праблемы з тэмпам: фільм нясецца ва ўсю моц і не дае часу праадчуваць эмацыйны напал гераіні. Тым не менш, фільму ёсць што прапанаваць гледачу. Карціна працягвае даступна і вынаходліва апавядаць пра ўнутраны свет чалавека, аўтары стараюцца не паўтарацца і знаёмяць гледача з новымі галінамі чалавечай псіхікі, прыпраўляючы аповед добрым гумарам. Радуе і папаўненне ў складзе эмоцый. Сорам і Нуда – вельмі пазнавальныя і пацешныя, кароценькія з’яўленні Настальгіі – проста шэдэўральныя, а Трывожнасць – тэма блізкая, бадай што, кожнаму ў сённяшнім свеце.

Стах Лысы