- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Анімацыя «Наўсікая з Даліны вятроў»

[1]

Князёўна Наўсікая

Сёлета свой 40-гадовы юбілей спраўляе «Наўсікая з Даліны вятроў» – выдатная японская анімацыя пра постапакаліптычны свет і юную князёўну, якая імкнецца наладзіць кантакт між людзьмі і паўсталай супраць іх прыродай. Першы вялікі поспех Хаяо Міядзакі, бо гэты фільм стаў адпраўным пунктам для стварэння легендарнай студыі Ghibli, адказнай за цэлы шэраг анімацыйных шэдэўраў. З нагоды юбілею ў гэтым месяцы «Наўсікая» вяртаецца на вялікія экраны.

Тысячу гадоў таму людзі стварылі Тытанаў – гіганцкіх біямеханічных істот вялікай разбуральнай моцы. У выніку іх прымянення індустрыяльная цывілізацыя была практычна знішчаная, як і само чалавецтва, а паверхня Зямлі пакрылася гіганцкім Лесам, што выпускае ў атмасферу атрутныя споры і населены вялізнымі насякомымі. Цяпер на планеце застаецца ўсяго некалькі людскіх паселішчаў, якія спрабуюць не дапусціць распаўсюджвання Лесу і яго страшных насельнікаў, а таксама працягваюць ваяваць за рэшту зямных рэсурсаў.

Мірная Даліна вятроў – адно з княстваў, якія ўтварыліся на руінах ранейшых дзяржаў. Жыхары Даліны выкарыстоўваюць сілу ветру дзеля здабычы энергіі і чыстай вады з глыбінь зямлі. Яны любяць свайго добрага кіраўніка і ягоную дачку Наўсікаю, незвычайную дзяўчыну, якая знаходзіць агульную мову з гіганцкімі насякомымі і жадае прымірыць чалавецтва з прыродай.

[2]

Тытаны знішчаюць цывілізацыю

Мультфільм, першы па-сапраўднаму аўтарскі праект Міядзакі, знаёміць гледача з унікальным, дэталёва прадуманым светам, пацярпелым ад вялікай тэхнагеннай катастрофы. Карціна багатая на ўражвальныя візуальныя вобразы. Выкананая ў пастэльных танах, постапакаліптычная прырода «Наўсікаі» палохае і зачароўвае. Атрутны Лес поўніцца небяспекай, але яшчэ больш – прыгажосцю, якая пакарае Наўсікаю і пераконвае з увагай і любоўю паставіцца да яго незвычайных форм жыцця.

Вялікую ролю ў карціне адыгрывае і музычны складнік. Каб падкрэсліць неаднароднасць гэтага свету, у якім цывілізацыя, каторая гіне, існуе пакуль на фоне прыгажосці і небяспекі прыроднай стыхіі, кампазітар Дзё Хісаісі прыбягае да сумесі розных жанраў і гучанняў: ад эпічных аркестравых тэм да далікатных пяшчотных матываў, ад акадэмічнай сімфанічнай музыкі да больш сучаснай электроннай. І канешне ж, жыццё ў карціну ўдыхаюць запамінальныя персанажы з іх надзеямі і страхамі, асабістымі пачуццямі і верай у свае (часам памылковыя) перакананні.

Незвычайнасці фільму надае спалучэнне экалагічнага і антываеннага пасылаў. Чалавецтва, якое вычэрпвае рэсурсы, забруджвае прыроду і бяздумна яе эксплуатуе, прыходзіць да заканамернай трагедыі, а сутыкнуўшыся з небяспечнасцю і варожасцю прыроды, толькі і думае, як сілай атрымаць над ёй верх. Тое ж адбываецца і ў палітычным жыцці. Асобныя невялікія княствы ў барацьбе за выжыванне, рэшткі рэсурсаў і ўладу схільныя, хутчэй, знішчыць адно аднаго, чым з’яднацца. З цяжкасцю перажыўшы адну глабальную катастрофу, уладныя людзі не знаходзяць нічога лепшага, як зноў узяцца за зброю масавага знішчэння. У процівагу ім князёўна Наўсікая сімвалізуе сабой негвалтоўную ідэю. Будучы майстрам баявых мастацтваў, яна не выкарыстоўвае свае ўменні дзеля здабыцця ўлады і навязвання ўласнай волі, але ўсімі сіламі імкнецца не дапусціць вайны і бессэнсоўнай гібелі людзей з кожнага боку канфлікту. У той жа час яна імкнецца не падпарадкаваць, але зразумець прыроду і яе агрэсію супраць чалавецтва. На гэтым шляху яе чакаюць самыя неспадзяваныя адкрыцці, але ахопленыя ваяўнічасцю і прагай улады людзі не захочуць прыслухацца, пакінуўшы Наўсікаі толькі адзін шлях да выратавання чалавецтва – самаахвяраванне.

Знаходзячыся ў цеснай сувязі з традыцыйнымі японскімі вераваннямі, «Наўсікая» можа быць прачытаная і ў хрысціянскім ключы. Так, у вобразе прыроды тут можна разгледзець алегорыю Бога. Адмовіўшыся ад арганічнага суіснавання з ёю, людзі здзяйсняюць своеасаблівае грэхападзенне і асуджаюць сябе на трагедыю.

Да ўз’яднання пройдзе тысяча гадоў. Будуць тут і ўсе хрысціянскія атрыбуты адкуплення: і прароцтва аб прыходзе Месіі, і прынясенне сябе ў ахвяру дзеля выратавання людзей, і цудоўнае ўваскрасенне.

Стах Лысы