[1]Амерыканская кампанія Bavarian Waste, якая вырабляе кантэйнеры, набыла і вывесіла самы вялікі ў свеце сцяг Найсвяцейшага Сэрца Езуса. «Сэрца Езуса сімвалізуе яго бясконцую любоў і міласэрнасць да чалавецтва», — гаворыцца на сайце кампаніі.
Самы вялікі сцяг Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў свеце мае 30 футаў у вышыню і 50 футаў у шырыню, або прыкладна 10 на 15 метраў. Яго набыла кампанія Bavarian Waste з Уолтана (штат Кентукі). Яе прэзідэнтам з’яўляецца 64-гадовы Джэймс Брэйггеман, які ў цяперашні час узначальвае кампанію з 63 чалавек.
Кампанія Bavarian Waste — гэта сямейны бізнес пяці пакаленняў з 1901 года. Першапачаткова гэта была транспартная кампанія, якая перажыла вялікі крызіс і ператварылася ў завод па ўтылізацыі адходаў. Кампанія таксама абслугоўвае камерцыйныя аб’екты і жылыя дамы, а таксама пастаўляе кантэйнеры для смецця.
Як адзначае ўладальнік кампаніі: «Гаворка ідзе не толькі пра бізнес. Мы стараемся жыць каталіцкай верай. Мужчына кажа пра сябе, што ён католік-традыцыяналіст, які не саромеецца публічна прызнаваць Бога».
«Наша галоўная місія ў Bavarian Waste, сямейным бізнесе, — прапагандаваць панаванне Хрыста Валадара ва ўсім грамадстве», — чытаем на сайце кампаніі. «Дзякуючы нашаму адданаму служэнню Богу і краіне, пры ўтылізацыі адходаў, мы клапоцімся аб дабрабыце нашых супрацоўнікаў, кліентаў і нашай супольнасці», — тлумачаць уладальнікі.
31 мая, больш за 600 чалавек прынялі ўдзел у цырымоніі вывешвання вялізнага сцяга. Відэазапіс гэтай падзеі набірае вялікую папулярнасць у сацыяльных сетках. На кадрах, знятых з беспілотніка, відаць як 20 чалавек трымаюць вялікі сцяг. Цырымонію ўзначаліў кс. Стэфан Станіч з касцёла Унебаўзяцця Маці Божай, які благаславіў сцяг і даверыў кампанію Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
У інтэрв’ю інтэрнэт парталу lifesitenews.com Брэйггеман патлумачыў, што даўно хацеў усталяваць сцяг на тэрыторыі кампаніі, каб такім чынам вылучыць месяц чэрвеня, які асаблівым чынам прысвечанага Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Паводле pl.aleteia.org [2]
пераклад Марыны Ткач