7 і 8 кастрычніка 2026 года ў дзіцячым дыспансэры «Санта-Марта», што месціцца адразу за ўваходам у Ватыкан, каля 50 дзяцей бясплатна праверылі зрок. Нагодай стаў Сусветны дзень зроку, які адзначаюць 8 кастрычніка.
Як паведамляе ў сваім матэрыяле карэспандэнт Vatican News Бенэдэта Капэлі, абследаванне каардынавала Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, а правялі яго дзякуючы фонду “OneSight EssilorLuxottica”. Установа апякуецца прыкладна 450 сем’ямі, і тут не толькі лечаць, але перш за ўсё выслухоўваюць. Часам дапамога – гэта проста новыя акуляры, за якія нічога не трэба плаціць.
Да дзяцей і іх бацькоў, якія чакалі ў чарзе, прыйшоў і арцыбіскуп Луіс Марын дэ Сан-Марцін, прэфект Дыкастэрыі і старшыня фонду дыспансэра. Гэтыя два дні ён назваў надзвычай каштоўнымі: дзеці могуць пазбавіцца праблемы, з якой іх сем’і самі не справіліся б. «Гэта сведчанне Касцёла, сведчанне міласэрнасці – практычнай, канкрэтнай і дзейснай, — сказаў ён. — Тут прымаюць усіх, бо міласэрнасць не мае межаў». Папская дабрачыннасць, паводле элемазінарыя, даходзіць да многіх людзей праз валанцёраў, якіх Папа Францішак называў «святымі з суседніх дзвярэй».
З 2022 года дабрачыннай структурай кіруе сястра Ганна Луіза Рыцэла з кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля, вядомых пад назваю шарыткі. Тут прымаюць і раніцай, і ўдзень, працуюць каля 70 урачоў і 40 валанцёраў. Сястра не хавае, што не на ўсе выклікі ўдаецца адказаць: многім сем’ям не хапае працы і жытла, а дзецям – лагапедаў і спецыялістаў па псіхаматорным развіцці. «Яны патрэбныя многім малым – ці таму, што дзеці растуць з дзвюма мовамі, ці таму, што нядаўна прыехалі ў Італію», — тлумачыць яна.
Афтальмолаг Валерыя Пендзіна расказвае, што ў некаторых дзяцей дэфекты зроку, якія ніхто своечасова не заўважыў, спынілі развіццё аднаго або абодвух вачэй, а ў некаторых мам знайшлі хваробы, якія можна было вылечыць яшчэ ў дзяцінстве.
Для фонду “OneSight EssilorLuxottica” гэта першы такі досвед, хоць з 2023 года ён ужо супрацоўнічае з амбулаторыяй «Маці Міласэрнасці» на Плошчы Святога Пятра. «Калі я дрэнна бачу, я дрэнна вучуся і дрэнна працую, — кажа генеральны сакратар Фонду Андрэа Рэндзіна. — Мы прыбіраем гэтую перашкоду, каб людзі маглі раскрыць свае здольнасці і жыць лепш».
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News
