Айцы Касцёла. Клімент Александрыйскі

Прыйсце хрысціянства ў Александрыю

Гісторыя хрысціянства ў Александрыі мае даволі спецыфічны пачатак. Там Евангелле абвяшчалі не пасланыя Хрыстом апосталы і нават не пазнейшыя біскупы, святары ці дыяканы. Хрысціянства туды прыйшло разам з людзьмі, якіх прыцягвала да сябе вялікая ў тыя часы метраполія – Александрыя.

Гэта быў другі па велічыні пасля сталіцы горад Рымскай імперыі. Ён знаходзіўся ў правінцыі Егіпет (сапраўды, гэта афрыканская краіна, у якой сёння так любяць адпачываць нашы турысты, у 30 годзе перад Хрыстом страціла сваю незалежнасць і сталася рымскай правінцыяй) і быў слаўны сваімі навучальнымі ўстановамі. У Александрыі выкладаліся асаблівым чынам філасофія, а таксама юрыдычныя і медыцынскія навукі. Таму сюды з усёй дзяржавы з’язджаліся студэнты, у тым ліку і хрысціяне. Яны засвойвалі веды, а адначасова дзяліліся з іншымі сваёй “сапраўднай” філасофіяй, якой навучыліся ад Езуса Хрыста. Пакрысе гэтыя людзі ўпісваліся ў краявід тагачасных філасофскіх школ і самі сталі адкрываць свае школы. У іх замест вучэння Платона, Плоціна ці нейкага іншага старажытнага мысляра выкладалася вучэнне Хрыста, якое лічылася сапраўднай мудрасцю, бо дазваляла весці справядлівае і мірнае жыццё. Найстарэйшыя айцы Касцёла, якія паходзілі з Александрыі, былі настаўнікамі такіх філасофскіх школ.

Вядома, не ўсе александрыйскія настаўнікі філасофіі былі прававернымі. Так, вучэнне гностыкаў, фактычна сумесь розных язычніцкіх філасофскіх і рэлігійных поглядаў пад шыльдачкай хрысціянства, не было прызнана Касцёлам хрысціянскім вучэннем. Аднак сярод розных імёнаў тагачасных ерэтыкоў, такіх, як Маркіён ці Валентыніян, уздымаюцца велічныя імёны прававерных настаўнікаў, чые творы яшчэ дагэтуль натхняюць вызнаўцаў Хрыста, адкрываючы ім Божую праўду.

Клімент – настаўнік “сапраўднай філасофіі”

Адным з такіх вялікіх настаўнікаў быў св. Клімент Александрыйскі. Паходзіў ён, верагодней за ўсё, з Афін, быў выхаваны ў язычніцкай сям’і. У юнацкім узросце Клімент пасля нядоўгай вандроўкі па свеце пераехаў у Александрыю, дзе спачатку вывучаў філасофію, а потым, скончыўшы навучанне, ужо будучы хрысціянінам, сам узначаліў філасофскую школу. Нам вядома імя настаўніка Клімента – Пантэн (больш пра яго, аднак, нічога невядома). Некаторыя крыніцы падаюць, што Клімент атрымаў святарскае пасвячэнне, але гэта няпэўная інфармацыя. Дакладна пра гэтага айца Касцёла можна сказаць толькі тое, што сучаснікі ўспрымалі яго як настаўніка ўласнай філасофскай (некаторыя называюць яе катэхетычнай) школы, каторы сваім вучням выкладаў праўды хрысціянскага вучэння.

Трылогія Клімента

 Захаваліся тры асноўныя творы Клімента Александрыйскага:

  • “Пратрэптык”, або “Заахвота да Евангелля”;
  • “Педагог”, або “Выхаваўца”;
  • “Строматы”, або “Дываны”.

Названыя творы, нават калі аўтар гэтага не задумваў ад пачатку, утвараюць працяглы аповед, які штораз глыбей уводзіць чытача ў хрысціянскае вучэнне. Мы называем такі працяг, складзены з трох твораў, трылогіяй.

“Пратрэптык” – першы “дотык” Евангелля. У гэтым творы паказаны досвед чалавека, які адкрываецца на Бога і прыслухоўваецца да Яго мудрасці.

“Педагог” – гэта больш глыбокія ўводзіны ў вучэнне Божага Слова (Логаса), якое сталася целам.

“Дываны” – вольны зборнік мудрасці, розных павучэнняў і прыказак. Мудрасць сыходзіць на верніка, калі ён жыве побач з Хрыстом.

Хто такі “сапраўдны гностык”?

 Клімент у сваіх творах вядзе палеміку (спрэчку) з гностыкамі, якія каля яго школы адкрылі свае школы. Спрэчка зводзіцца да паказання “сапраўднага гнозіса” (г.зн. ведаў, вучэння). Аўтар не адкідвае досвед глыбокага пазнання таго, што боскае (гэтым досведам вельмі ганарыліся гностыкі, абмяжоўваючы яго, аднак, толькі да нейкіх таемных ведаў, якімі валодалі толькі тыя, хто прайшоў спецыяльную ініцыяцыю). Разам з тым, Клімент “накладвае” на гэты досвед хрысціянскае тлумачэнне. Для яго “сапраўдным гностыкам” з’яўляецца не той, хто мае “асветлены розум”, але той, хто ўсё сваё жыццё фармуе паводле Божай мудрасці. Гэтая мудрасць атаясамліваецца ў Клімента з Боскім Логасам, які існуе ў Богу і з Богам ад пачатку, паказвае сваю прысутнасць у стварэнні свету і, нарэшце, уцелаўлёны ў Езуса Хрыста, выкладвае перад намі ўсе свае багацці.

У вучэнні шмат якіх гнастычных школ для збаўлення хапала толькі асвятлення інтэлекту, а маральнасць жыцця трактавалася вельмі свабодна: ад адрачэння ад ўсяго да крайняй распусты. Паводле Клімента, сапраўная мудрасць – гэта адчувальная, сутнасная (а не таемная) ініцыяцыя ў па-сапраўднаму Божы “стыль” жыцця. Клімент наўпрост кажа, што кожны чалавек пакліканы да таго, каб сваім жыццём наследаваць Божую мудрасць, Боскі Логас.

Філасофія – “прэлюдыя” да пазнання Бога

Важным “падарункам”, які “дорыць” Касцёлу Клімент Александрыйскі, з’яўляецца яго перакананне ў глыбокім паразуменні паміж хрысціянскім вучэннем і мудрасцю, якую можна здабыць “натуральным розумам” (пры дапамозе філасофіі). Наш аўтар аказваў вялікую пашану філосафам, г.зн. людзям, мыслярам, якія выкарыстоўвалі розум, каб пазнаць рэчаіснасць, адкрыць праўду пра прыроду, пра яе Стваральніка, а перадусім – пра чалавека і пра тое, хто ён такі і як павінен жыць. Настаўнік з Александрыі меў глыбокае перакананне наконт магчымасці весці дыялог рэлігіі з філасофіяй, а таксама пра тое, што існуе толькі адна праўда, якую мы поўнасцю можам спазнаць толькі дзякуючы Божаму Аб’яўленню. Апошняе змяшчаецца на старонках Святога Пісання, крыецца ў “святой гісторыі”, якая ў ім распавядаецца (тут маецца на ўвазе гісторыя збаўлення чалавека). Праўду, якая паходзіць ад Бога, адкрывае праз створаныя рэчы чалавечы розум, што здольны таксама адкрыць Боскі Логас.

У творах Клімента мы сустракаем вельмі адважнае меркаванне аўтара, паводле якога філасофія для грэкаў з’яўляецца тым, чым для хрысціян – стары габрэйскі Закон.

Філасофія, паводле яго, у нейкім сэнсе ўводзіць язычнікаў у глыбіню Божага Аб’яўлення. Яна ёсць прадвесцем, падрыхтоўкай і нават пэўным “кантактам” з сапраўдным Логасам, які аб’явіўся ўсім людзям у Езусе Хрысце.

Лёс Клімэнта і яго значэнне для хрысціянства

Клімент Александрыйскі прападае з гістарычных апісанняў падчас пераследу веры ў 202-203 гг. Тады скончылася яго дзейнасць у Александрыі. Настаўнік пакінуў горад, якому прысвяціў найлепшыя гады свайго жыцця. Мы дакладна не ведаем, што з ім сталася пасля гэтага. Паводле адных крыніц, Клімент прыняў мучаніцкую смерць. Паводле іншых, адправіўся ў Цэзарэю Кападакійскую, дзе дачакаўся натуральнага заканчэння свайго жыцця.

У кожным выпадку, дзякуючы Кліменту Александрыйскаму, які прызнаў карысць філасофскіх навук для пазнання рэлігійных праўдаў, тэалогія выйшла на новы, больш высокі ўзровень, вынікам чаго сталася з’яўленне вялікага настаўніка веры і вучня Клімента – Арыгена.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі