[1]— Хороший гешефт: за святую фигурку – и такой кусок! Ловкий пройдоха этот Кольбе!
— Нет, всё что угодно, но не пройдоха!
— Тогда что, наивный?
— Наивный? Нет, тоже нет.
— Может быть, нахальный?
— Нет, я думаю, он был просто верующий. По-настоящему верующий, и потому так действовал на людей.
Дыялог з фільма “Жизнь за жизнь”
К. Занусі (“Życie za życie”, 1991)
Сёння я хачу расказаць табе, мой паважаны чытач, пра чалавека, жыццё і справа якога калісьці кранулі мяне да глыбіні душы. Гэта каталіцкі святар з ордэна францішканаў, заснавальнік апостальскага таварыства “Рыцарства Беззаганнай” (Militia Immaculatae) і рэлігійнага часопіса “Рыцар Беззаганнай”. Чалавек, які прысвяціў сваё жыццё навяртанню да Бога грэшнікаў і ворагаў Касцёла праз заступніцтва Панны Марыі. Выдавец, місіянер, заснавальнік двух кляштараў, што дзейнічаюць і сёння, вязень Асвенцыма і мучанік любові. Мужчына, каторы захацеў жыць, працаваць, пакутаваць, вынішчаць сябе і паміраць толькі дзеля адной жанчыны – Найсвяцейшай Дзевы, Беззаганнай Маці, Багародзіцы Панны Марыі.
Раймунд Кольбэ нарадзіўся ў 1894 годзе ў польскім горадзе Здуньска Воля (тэрыторыя Расійскай Імперыі ў той час) у сям’і Юліуша і Марыі Кольбэ. Гэта была небагатая працоўная сям’я, якая вызначалася пабожнасцю і патрыятызмам.
Марыя ў юнацтве хацела прысвяціць сваё жыццё Богу, але на тэрыторыі ўсходняй Польшчы, анексаванай Расіяй, не было дзейных кляштараў. Малады ткач Юліуш быў добрым католікам, вясёлым, шчодрым, жыццярадасным чалавекам. Марыя і Юліуш пазнаёміліся ў касцёле. Яны ўзялі шлюб у кастрычніку 1891 года, а праз год нарадзіўся першы сын – Францішак. Маладыя бацькі выбралі гэтае імя невыпадкова: Марыя з дзяцінства шанавала св. Францішка Асізскага, а пасля шлюбу разам з Юліушам уступіла ў Трэці францішканскі ордэн.
Праз два гады – халоднай студзеньскай раніцай 1894 года – у Марыі і Юліуша нарадзіўся Раймунд.
Тым часам фінансавае становішча сям’і пагоршылася. Здуньска Воля не мела патрэбы ў вялікай колькасці тканіны, таму Кольбэ пераязджаюць у Лодзь. Там у студзені 1896 года нарадзіўся трэці сын – Юзэф. Праз некаторы час сям’я перабралася ў Паб’яніцы, дзе Юліушу ўдалося адкрыць уласную харчовую краму. Спачатку гандаль ішоў добра, але гаспадар меў мяккі характар і часта адпускаў прадукты ў крэдыт, што хутка прывяло да банкруцтва.
У Паб’яніцах Марыя з дазволу мясцовага лекара займалася акушэрствам і часта адмаўлялася браць грошы за свае паслугі. Там яна нарадзіла яшчэ двух сыноў – Валянціна і Антонія, якія, аднак, памерлі ў дзіцячым узросце. Пасля смерці хлопчыкаў Марыя стала яшчэ больш маўклівай і стрыманай, апраналася ў чорнае і кожную вольную хвіліну прысвячала малітве і чытанню Бібліі.
Раймунд падзяляў лёс сваёй сям’і да 14-гадовага ўзросту. Затым на працягу пяці гадоў навучаўся ў ніжэйшай францішканскай семінарыі ў Львове (паступіў туды разам са старэйшым братам Францішкам). У 1910 годзе прынёс першыя манаскія шлюбы і атрымаў імя Максімільян, а ў 1914 годзе склаў вечныя шлюбы і ўзяў другое імя – Марыя – у знак глыбокай пашаны да Багародзіцы.
З кастрычніка 1912 года вучыўся ў Рыме, дзе атрымаў навуковыя ступені доктара філасофіі і доктара тэалогіі. Падчас вучобы ў Вечным горадзе ў бр. Максімільяна сталі праяўляцца сімптомы сухотаў.
Святарскае пасвячэнне ён атрымаў у красавіку 1918 года, а першую св. Імшу адправіў у інтэнцыі Рыцарства Беззаганнай – адмысловага таварыства, створанага разам з некалькімі братамі з семінарыі ў кастрычніку 1917-га. Мэта Рыцарства – навяртанне грэшнікаў, масонаў і ератыкоў, а таксама асвячэнне ўсіх душаў праз заступніцтва і з дапамогай Беззаганнай. Галоўнай умовай дасягнення гэтай мэты для сябраў таварыства павінна быць поўнае і бязмежнае адданне сябе ў карыстанне Дзевы Марыі, каб Яна зрабіла з імі тое, што Ёй патрэбна, і праз сваіх “воінаў” уздзейнічала на іншых людзей.
У ліпені 1919 года а. Максімільян прыехаў на радзіму. Тры гады ён не меў звестак ад сям’і (нагадаю, што Еўропа толькі-толькі перажыла Першую сусветную вайну), і вось цяпер вяртаецца ў вольную Польшчу. З таго часу, калі яны з Франусем нелегальна перасеклі руска-аўстрыйскую мяжу і паступілі ў семінарыю, прайшло дванаццаць гадоў. За гэты час Францішак (брат Валерыян) пакінуў ордэн і пайшоў змагацца за незалежнасць Айчыны са зброяй у руках. У ордэн францішканаў прыйшоў малодшы брат Юзэф. Бацька і маці дамовіліся жыць у чысціні, і іх жыццёвыя шляхі разышліся. Бацька спачатку жыў у кляштары і дапамагаў пры касцёле, затым пайшоў на фронт. Маці здзейсніла юнацкую мару і стала жыць у кляштары: спачатку ў сясцёр-бенедыктынак, затым у феліцыянак.
Раніцай 29 ліпеня 1919 года айцец Максімільян пастукаў у дзверы кракаўскага кляштара феліцыянак і спытаў, дзе яго маці. Пані Марыя Кольбэ не магла паверыць сваім вачам. “Вось я і дачакалася гэтай хвіліны!” – з хваляваннем казала яна. Айцец адправіў Імшу ў капліцы сясцёр, паразмаўляў з маці і накіраваўся на першае месца служэння – здабываць свет для Беззаганнай.
З 1920 да 1925 года айцец Максімільян жыў і працаваў у Гродне. З 1922 года пачаў выдаваць у Кракаве часопіс «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Беззаганнай»). Па яго ініцыятыве пад Варшавай быў пабудаваны кляштар, які атрымаў назву ў гонар Беззаганнай Панны – Непакалянаў.
У 1930 годзе а. Максімільян разам з чатырма братамі выязджае на місію ў Японію. Праз некаторы час недалёка ад г. Нагасакі ўзнік новы Непакалянаў – кляштар Мугендзай-но Сона. Там жа пачынае выдавацца японская версія часопіса “Рыцар Беззаганнай”. Ужо на пачатку 1934 года наклад японскага “Рыцара” дасягнуў 60 тысяч экзэмпляраў. А гэта быў час, калі ва ўсёй Японіі налічвалася толькі каля ста тысяч католікаў.
Айцец Максімільян марыў здабыць увесь свет для Хрыста праз Беззаганную. Таму праз некаторы час ён пакідае Японію і накіроўваецца ў Індыю. На шляху наведвае Ганконг, Сінгапур, Каломба, знаёміцца з мясцовымі місіянерамі і шукае магчымасці для прысутнасці францішканаў ва ўсіх кропках свету. Але Божы Провід не дазваляе Максімільяну разгарнуць маштабную місійную дзейнасць.
У 1936 годзе ён вымушаны вярнуцца ў Польшчу і стаць гвардыянам польскага Непакалянава. Кляштар знаходзіўся ў росквіце: колькасць братоў павялічвалася (іх было больш за 500), а наклад “Рыцара Беззаганнай” дасягнуў 700 тысяч экзэмпляраў. Акрамя асноўнага часопіса, выдаваліся “Малы часопіс” (1935–1939) і два часопісы для дзяцей і моладзі. Выданні распаўсюджваліся па ўсёй Польшчы, высылаліся ў Еўропу, Азію, Амерыку. У склад вялізнага манастырскага комплексу ўваходзілі рэдакцыя, семінарыя, радыёстанцыя, добра абсталяваная друкарня, чыгуначная станцыя, аўтастаянка, пажарная каманда, склады, шавецкія, сталярныя, слясарныя майстэрні і нават невялікі аэрадром.
Але больш чым пра абсталяванне а. Максімільян клапаціўся пра духоўнае ўзрастанне братоў, каб гэты вялікі кляштар заставаўся адной сям’ёй і быў усё больш адданы Беззаганнай. Калі хтосьці з братоў сказаў, што можна ўжо не развівацца – станкоў дастаткова, засталося толькі атрымліваць прыбытак, – а. Максімільян абурыўся: “Вось так сродак становіцца мэтай, а мэта – сродкам. Наша мэта – здабыць для Беззаганнай увесь свет і кожную душу паасобку, а не ў нябачаным прыбытку”.
***
Зараз, перад самай балючай часткай біяграфіі а. Максімільяна, зраблю невялікае адступленне і распавяду, што натхніла мяне на гэтую працу. Некалькі гадоў таму я прысутнічала на выступленні францішканскага гурта “Pokój i dobro” падчас музычнай майстэрні ў Івянцы. Адна песня настолькі здзівіла і ўзрушыла мяне, што я знайшла час і перачытала ўсе даступныя мне крыніцы пра святога Максімільяна, прадумала і напісала гэты артыкул.
Спеў называўся “Modlitwa św. Maksymiliana” і пачынаўся словамі:
Dozwól mi Cię chwalić, Panno Święta.
Dozwól, bym Cię kochał z całych sił.
Dozwól, bym dla Ciebie żył, pracował, cierpiał.
Przywiódł Ci wszystkie dusze, cały świat.
Акрамя таго, што мяне кранулі прыгожая музыка і праніклівае выкананне песні, уразілі і словы: Максімільян просіць дазволу ў Найсвяцейшай Панны, каб славіць Яе і жыць для Яе. Такога шанавання Панны Марыі, якое мяжуе з закаханасцю і шаленствам, я не сустракала ў іншых святых! Ён маліўся і ставіў фігуркі, здабываў для Беззаганнай новыя землі і адкрываў манастыры, узяў другое імя – Марыя – і карыстаўся ім, ім жа пачынаў лісты і тэлефонныя размовы.
У Раймунда была строгая і пабожная маці, якая мела бясспрэчны аўтарытэт у сям’і. Юліуш, весялун і непапраўны рамантык, шмат працаваў, але грошай заўсёды не хапала. Аплаціць навучанне маглі толькі старэйшаму – Франусю, які, па думках бацькоў, павінен быў стаць святаром. Планавалася, што Мундэк застанецца дома і будзе дапамагаць сям’і. Знаёмы аптэкар згадзіўся вучыць хлопчыка, таму яму давялося быць удвая старанным і акуратным. Вось як апісвае Марыя Канчкоўская навучанне маленькага Раймунда: “Мама не прабачала неахайнасці. Яна казала, што літары ў яго атрымліваюцца шчарбатыя і грэх дарма псаваць паперу. Падчас чытання нельга запінацца і заікацца. Пакаранні сыпаліся на няшчаснага Мундэка, хоць ён і стараўся, як мог”. А аднойчы, калі маме трэба было на працу, яна папрасіла Раймунда паглядзець Юзэфа. А яму так хацелася пагуляць у суседскім садзе! У той дзень каша прагарэла, каструля была сапсаваная, а Юзэк запэцкаўся ў вапне. Маці, калі даведалася пра гэта, раззлавалася і з дакорам прамовіла: “Ох, Мундэк, хто з цябе вырасце?”
У душы Раймунда пасялілася горыч, якой ніколі раней не адчувалася. Яму неабходна было памаліцца, падумаць. Хлопец пайшоў у касцёл і ўкленчыў перад алтаром Найсвяцейшай Панны, але не мог маліцца, як звычайна. Яго сэрца разрывала маркота.
– Маці Божая, што з мяне атрымаецца? – шаптаў хлопчык праз слёзы.
І раптам Мундэк адчуў вялікую радасць, быццам хтосьці добры-добры пяшчотна паклаў яму руку на сэрца. Перад ім была сама Прыгажосць і Чысціня, сама Беззаганная Дзева. У руках яна трымала дзве кароны – белую і чырвоную, як кроў.
– Гэта чысціня і пакутніцтва, а затым – неба. Якую карону ты выбіраеш?
***
17 лютага 1941 года Максімільян Кольбэ быў арыштаваны гестапа і заключаны ў варшаўскую турму Павяк. У маі таго ж года яго перавялі ў Асвенцым, дзе ён стаў зняволеным нумар 16670. Эсэсаўцы пастаянна збівалі а. Максімільяна каванымі ботамі, прымушалі бегам насіць непад’ёмныя цяжары (пры тым, што ён даўно хварэў на сухоты, у яго было толькі адно лёгкае), але ён не толькі захоўваў сілу духу, але і як мог дапамагаў іншым. Нават у такіх нечалавечых умовах айцец Максімільян працягваў сваю пастырскую дзейнасць – суцяшаў, хрысціў, спавядаў, шэптам адпраўляў св. Імшу.
Айца Кольбэ прывезлі ў Асвенцым 28 мая. Ён ведаў, што маці і браты ў Непакалянаве чакаюць ад яго вестак, але ніяк не знаходзіў патрэбных слоў. Нарэшце напісаў маці некалькі радкоў, запэўніў, што ў яго ўсё добра, і папрасіў не пісаць яму, пакуль ён сам не напіша. Ліст датаваны 15 чэрвеня, напісаны па-нямецку і падпісаны свецкім імем – Кольбэ Раймунд.
У ліпені 1941 года з блока № 14, у якім жыў айцец Максімільян, знік зняволены. Уцекача знайсці не ўдалося (пазней высветлілася, што той патануў у памыйнай яме). Тады намеснік каменданта лагера оберштурмфюрэр СС Карл Фрыцш адабраў дзесяць чалавек, якія павінны былі памерці галоднай смерцю. Гэтае пакаранне прымянялася для настаўлення і запалохвання зняволеных, каб больш ніхто не спрабаваў уцякаць.
Адзін з адабраных ім людзей, польскі сяржант Францішак Гаёўнічак, заплакаў і сказаў: “Няўжо я болей не ўбачу жонку і дзяцей? Што ж цяпер з імі будзе?” І тады айцец Максімільян выйшаў з шыхту і прапанаваў Фрыцшу сваё жыццё ў абмен на жыццё Гаёўнічака. Фрыцш згадзіўся на замену.
Седзячы ў смуроднай камеры і паміраючы ад голаду і абязводжвання, Кольбэ працягваў падтрымліваць таварышаў па няшчасці. Яны праводзілі час у песнях і малітвах. Праз два тыдні ён і трое іншых смяротнікаў былі яшчэ жывыя.
14 жніўня 1941 года, напярэдадні свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а. Максімільяну Кольбэ і яго траім таварышам была зробленая ін’екцыя фенолу, пасля чаго яны памерлі. На наступны дзень цела а. Максімільяна крэміравалі, а прах развеялі па ветры.
У 1946 годзе памерла Марыя Кольбэ, маці а. Максімільяна. Незадоўга да смерці яна перадала Непакалянаву лісты сына, якія ён дасылаў ёй на працягу трыццаці гадоў. Бацька, Юліуш Кольбэ, прапаў без вестак падчас Першай сусветнай вайны. Юзэф – брат Альфонс, правая рука а. Максімільяна, нязменны рэдактар “Рыцара Беззаганнай” – адышоў у вечнасць у 1930 годзе, яму было усяго 34 гады. Старэйшы брат а. Максімільяна Францішак, як я ўжо пісала, выйшаў з ордэна, ажаніўся, але ў сям’і шчасця не знайшоў. Пакінуў жонку, жыў у Гродне, вёў далёка не хрысціянскае жыццё. Максімільян пражыў 47 гадоў, палову жыцця змагаўся з сухотамі. У той час гэта хвароба не лячылася, хворы нават не ізаляваўся, адзінае, што маглі параіць дактары, – добрае харчаванне і спрыяльны клімат. Усю тую каласальную працу, якая апісана вышэй, а. Максімільян зрабіў нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, часты кашаль, галаўны боль, падвышаную тэмпературу.
12 ліпеня 1947 года быў распачаты працэс беатыфікацыі айца Максімільяна Кольбэ. Збор сведчанняў працягваўся 24 гады. Сярод іх асаблівае месца займае сведчанне Францішка Гаёўнічака, выратаванага а. Максімільянам. Ён пражыў 93 гады, выгадаваў дзяцей, унукаў і праўнукаў і стаў вяшчальнікам праўды пра Асвенцым і ахвяру айца Максімільяна.
Папа Павел VI беатыфікаваў Максімільяна Марыа Кольбэ ў кастрычніку 1971 года, а Папа Ян Павел ІІ кананізаваў яго ў 1982 годзе як мучаніка. Успамін святога – 14 жніўня, перад святам Багародзіцы, дзеля Якой ён жыў, працаваў, вынішчаў сябе і памёр. Святы Максімільян з’яўляецца апекуном нарказалежных, палітычных зняволеных, журналістаў, радыёаматараў, вязняў і рухаў у падтрымку жыцця.
P.S. Каго зацікавіла біяграфія айца Максімільяна, рэкамендую прачытаць пра яго дзве кнігі: “Святой Максимилиан” Марыі Канчкоўскай (перакладзена з польскай мовы і выдадзена братамі-францішканамі ў Маскве ў 1994 г.) і “Отец Максимилиан” праваслаўнага аўтара Аляксандры Немцінай (Выдавецтва Францішканаў, Масква, 2011 г.). Звесткі для артыкула ўзятыя з гэтых кніг, а таксама з артыкулаў у Вікіпедыі і з часопіса “Францішкане. Браты Меншыя Канвентуальныя” (Выданне Семінарыі Францішканаў у Польшчы, 2017 г.).
Аксана Нядвецкая
2023г.
