- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Агульнадыяцэзіяльнае спатканне духавенства прайшло ў Удзеле

[1]11 кастрычніка касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Удзела (Глыбоцкі дэканат) прымаў святароў, законных сясцёр і братоў з усёй Віцебскай дыяцэзіі, якія сабраліся на штомесячную сустрэчу з біскупам Алегам Буткевічам.

Месца спаткання было выбрана невыпадкова, бо менавіта ў гэтым годзе святыня адзначае 300-годдзе існавання, а ў нядзелю, 8 кастрычніка, падчас кананічнай візітацыі быў асвечаны адноўлены галоўны алтар.

Дзень духоўных сустрэч пачаўся гадзінай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой удзельнікі спаткання ў цішыні адаравалі Езуса і карысталіся магчымасцю сакраманта споведзі.

Святую Імшу разам з біскупам Алегам канцэлебравалі генеральны вікарый кс. Францішак Кісель, канцлер курыі кс. Віктар Місевіч, дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч, віцэ-дэкан Глыбоцкі кс. Андрэй Кулік, новапрэзбітэр кс. Алег Хмылко і пробашч Удзелаўскай парафіі а. Яраслаў Банасяк OFMConv.

Слова да прысутных скіраваў кс. Андрэй Кулік, які на прыкладзе прарока Ёны са Старога Запавету, зрабіў “рэвізію” святарскага жыцця.

[2]

Пасля Літургіі адбылася канферэнцыя, якую прамовіў духоўны айцец дыяцэзіі езуіт Станіслаў Памыкала. Святар падзяліўся ўласным сведчаннем і перажываннем з рэкалекцый, якія нядаўна перажыў.

“Каб не было пустэчы ў жыцці, якую мы (святары) часта запаўняем інтэрнэтам, хобі альбо рознымі непатрэбнымі справамі, мы павінны стаць членамі Жывога дома ці Жывой супольнасці. А каб гэта супольнасць магла існаваць і развівацца – павінна быць прабачэнне. Бо дом – гэта месца, дзе ты прабачаеш і табе прабачаюць”, — падагульніў канферэнцыю святар.

Затым прысутныя былі азнаёмлены з намінацыямі, бліжэйшымі планамі і падзеямі ў дыяцэзіі.

[3]

Канцлер курыі прадставіў інфармацыю аб калядных конкурсах, якія запланаваныя на студзень будучага году і запрасіў святароў і законніц паспрыяць удзелу дзяцей і моладзі ў гэтых мерапрыемствах.

Штомесячны дзень духоўных сустрэч святароў і законных сясцёр скончыўся супольным абедам.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота