- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Адраджэнне сакраментальнага шлюбу ў Францыі

[1]

У Францыі расце патрэба ў добрай падрыхтоўцы да сакраманту шлюбу. Людзі не здавольваюцца тым, што ім прапануе парафія, яны хочуць чагосьці большага. Сутыкнуўшыся з ростам колькасці разводаў і заявак на ануляванне шлюбу, сучасныя заручаныя пары больш усведамляюць рызыку няўдачы.

Аб новай тэндэнцыі піша штотыднёвік французскіх каталіцкіх сем’яў «Famille Chrétienne». Ён падкрэслівае, што для сучасных заручаных пар неабходнасць добрай падрыхтоўкі да шлюбу значна больш відавочная, чым 30 гадоў таму. Яны клапоцяцца пра трывалыя адносіны, і бачачы няўдачы хрысціянскіх пар, яны ведаюць, што павінны сур’ёзна ўспрымаць заклік да святасці шлюбу, а таксама рызыкі, звязаныя з ім.

Патрабавальнае навучанне і асабісты падыход

Напрыклад, французскі штотыднёвік піша пра вялікую папулярнасць курсаў, якія праводзіць абацтва Лаграс. Паводле слоў айца Дамініка, які адказвае за арганізацыю курсаў, іх поспех з’яўляецца вынікам паспяховага спалучэння патрабавальнага навучання і персаналізаванага падыходу.

Трансфармацыя жыцця

Браты надаюць прыярытэт вернасці Евангеллю і вучэнню Касцёла. У аўдыторыі, дзе праводзяцца заняткі, вісіць партрэт святога Яна Паўла II, «Папы сем’яў» і заснавальніка «тэалогіі цела». Гэта патрабавальнае вучэнне, але менавіта таму яно мае такі моцны ўплыў на пары, кажа Мары Прюн, адна з удзельніц курсаў.

Айцец Дамінік запэўнівае, што ў Лаграсе няма паблажак ні для каго, нават для заручаных пар, якія не практыкуюць шлюб. Дзякуючы такому падыходу, курсы як для заручаных, так і для жанатых пар вядуць да сапраўднага пераўтварэння жыцця.

Пары павінны сутыкнуцца з праўдай

«Калі я прыйшла сюды, я думала, што ведаю, якія чаканні Касцёла ў дачыненні да шлюбу, але на месцы я была глыбока ўзрушана», — распавядае раней цытуемая Мары Прюн. «Гэта фармацыя глыбока закранае раны і слабасці і патрабуе ад пары сутыкнуцца з праўдай».

gosc.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач