- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Адпустовая ўрачыстасць Адшукання Святога Крыжа адбылася ў астравецкай парафіі

[1]14 верасня ў астравецкай парафіі Адшукання Святога Крыжа адбылася адпустовая ўрачыстасць, у якой прынялі ўдзел святары з Астравецкага і суседніх дэканатаў. Кс. Юзаф Багдзевiч, кс. Яўген Ціхан, кс. Аркадзь Куляха, кс. Віктар Захарэўскі, кс. Алег Шпень, кс. Алег Пятрашка, кс. Павел Гардзейчык, кс. Антоні Казлоўскі, кс. Юзаф Занеўскi, кс. Антоні Адамовіч канцэлебравалi святую Імшу. Узначаліў літургію кс. Ігар Лашук з парафіі Св. Казіміра ў Стоўбцах.

Прысутнічала вялікая колькасць парафіян і гасцей з розных куткоў. У гаміліі кс. Ігар засяродзіўся на тэме крыжа, які мае выключную ролю ў жыцці чалавека.

Звярнуўся святар і да гісторыі, прыгадаўшы цэзара Канстанціна Вялікага і падзеі, якія мелі месца ў 312 годзе. Ён падкрэсліў, што традыцыя ўшанавання святога Крыжа шматгадовая і заклікаў працягваць гэту добрую традыцыю. Прыгадаў душпастыр і безліч гісторый, звязаных з крыжам, якія ўразілі вернікаў глыбінёй і глыбокім павучальным сэнсам.

“Хрысціянства ад самаго пачатку задумалася пра знак, якi з’яднаў нябеснае з зямным. Знак нашага збаўлення. Усе нашыя хрысціянскія дзеянні пачынаюцца са знаку Святога Крыжа. Ці ядзім, ці п’ем – усё са Святога Крыжа. Крыж, як найстрашнейшае пакаранне і крыж, як збаўленне чалавека.

[2]

Што для нас крыж сёння? Як мы адносiмся да крыжа? Калі мы не будзем перадаваць веру, то вера, якая ідзе праз крыж – грош цана ўсяму, што будзе навакол нас. Усё знікне, бо крыж таксама не толькі для збаўлення, але і для жыцця чалавецтва” – падагуліў святар.

Завяршылася Iмша працэсіяй. Прысутныя вырушылі ўслед за Найсвяцейшым Сакрамантам. Адметным стаў і той факт, што ва ўрачыстай працэсіі была задзейнічана фігура святога Міхала Арханёла, якую прывёз кс. Ігар. На працягу цэлага тыдня фігура “Князя войскаў нябесных” знаходзілася ў Астравецкiм касцёле. Пасля чатырохгадовага перапынку аднавілася перэгрынацыя фігуры святога Міхаіла Арханёла. Мы дзякуем Пану Богу за тое, што ён палічыў нас годнымі вітаць нашага заступніка і просім добрага Бога, каб перэгрынацыя працягвалася найдалей, каб праз святога Міхаіла Арханёла Гасподзь ратаваў ад подступаў і спакусаў злога духа.

Словы падзякі звярнуў да прысутных пробашч парафіі Юрый Кузьміч. Ён падзякаваў святарам, законным сестрам і прысутным за супольную малітву і паважлівыя адносіны да крыжа. Урачыстае благаслаўленне аднавіла веру і надзею, дапамагло перажыць Божую прысутнасць.

Вольга Заянчкоўская, тэкст;

Вольга Заянчкоўская і Андрэй Дашкевіч, фота.