[1]10 жніўня Касцёл успамінае святога Лаўрэнція, дыякана і мучаніка.
«Святы Лаўрэне, апякуне наш,
Будзь з намі ў добры і нялёгкі час.
Не пакідай Вушацкае зямлі,
Заступнікам будзь нам, благаславі!»
Гэтым спевам пачалася ўрачыстая святая Імша ў касцёле Святога Лаўрэна ва Ушачах. Святую Імшу ўзначаліў кс. Мікалай Ціхановіч.
Казанне прамовіў кс. Дзмітрый Рацько. Святар распавёў пра жыццёвы шлях і мучаніцтва св. Лаўрэнція. Святы Лаўрэнцій – прыклад ахвярнасці, годны прыняцця ў якасці заступніка для кожнага верніка. Калі жорсткі імператар Валерыян загадаў яму прынесці ўсе скарбы Касцёла, святы прывёў да правіцеля вялікі натоўп бедных, хворых, убогіх, назваўшы іх сапраўдным багаццем Касцёла. За гэта яго жорстка катавалі і зажыва засмажылі на рашотцы.
Святы Лаўрэнцій ушаноўваецца і на Захадзе, і на Усходзе. Святы лічыцца апекуном бедных, бібліятэкараў, пажарных, пчаляроў, пекараў. І, наогул, гэта ўніверсальны святы, да якога звяртаюцца ў розных патрэбах.
Кс. Дзмітрый заклікаў кожнага ўглядзецца ў жыццё святога Лаўрэнція, каб ён даў іскру, каб запаліў сэрца любоўю. Як наследаваць святога? Уявіць, што святы жыве ў наш час, у нашых абставінах, і паглядзець ці было б яго жыццё падобным да нашага жыцця. Варта зразумець, што ўсё, што ахвяруем Богу, ператвараецца ў каштоўнасць для нас, для нашай душы. Наследуючы святога Лаўрэнція, аддаем свае сілы, свой час Пану Богу, Касцёлу, чынім усё з запалам.
Ксёндз Віталь Галец падзякаваў прысутным святарам, вернікам за супольную малітву і нагадаў, што святы Лаўрэнцій з“яўляецца апекуном Ушачаў.
Затым пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце вернікі памаліліся Літанію да Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста.
Прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».
Традыцыйна адбылося асвячэнне мёду і печыва, якімі гасцінныя парафіяне дзяліліся з усімі жадаючымі.
Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота



































