- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Адно ў Хрысце, аб’яднаныя ў місіі” – тэма Сусветнага дня місій-2026

[1]“Адно ў Хрысце, аб’яднаныя ў місіі” – такую тэму Папа выбраў для наступнага Сусветнага дня місій. Яна была абвешчана ў Ватыкане 31 кастрычніка 2025 года – у апошні дзень месяца, прысвечанага малітве за місіянераў.

У 2026 годзе Сусветны дзень місій будзе адзначацца 18 кастрычніка. Ён стане юбілейным і пройдзе ў Каталіцкім Касцёле ўжо ў соты раз. Ініцыятыва была ўстаноўлена Папам Піем XI у 1926 годзе.

Сусветны дзень місій – гэта асаблівая нагода, калі ўвесь Касцёл аб’ядноўваецца ў малітве за місіянераў і за плённасць іх апостальскай працы. Узгадваючы свой асабісты досвед святара і пазней біскупа-місіянера ў Перу, Пантыфік казаў: “Я на ўласныя вочы бачыў, як вера, малітва і шчодрасць, праяўленыя ў гэты дзень, могуць змяніць цэлыя супольнасці”, нагадала ў адмысловым паведамленні Дыкастэрыя па евангелізацыі.

Тэма Сусветнага місійнага дня 2026 года, якая нагадвае біскупскі дэвіз Святога Айца “In Illo uno unum” (У Ім адзіным мы адзіныя), заклікае да адзінства вернікаў у веры, якое грунтуецца на адзінстве Хрыста з Айцом, і на вынікаючай супольнай місіі евангелізацыі.

Наступным крокам у падрыхтоўцы да Сусветнага місійнага дня стане публікацыя ў першыя месяцы наступнага года паслання Святага Айца, якое будзе натхняць шматлікія ініцыятывы, накіраваныя на фармаванне духу і адказнасці місійнага служэння сярод усіх вернікаў на працягу гэтага важнага года, калі будзе адзначацца таксама 110-годдзе з дня заснавання Папскага місійнага саюза, які аб’ядноўвае розныя ватыканскія місіянерскія ініцыятывы.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]