[1]Арцыбіскуп Фултан Шын ніколі не грэбаваў штодзённай гадзінай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Ён верыў, што гэта — сутнасць яго святарства, кіслародная падушка, якая аднаўляе подых Святога Духа пасярод душнай і цеснай атмасферы свету.
Практычныя духоўныя парады
Арцыбіскуп Фултан Шын быў добра вядомы дзякуючы сваім практычным духоўным парадам, якія давалі свецкім людзям інструменты для духоўнага развіцця. Адным з часта падкрэсліваных указанняў, якія змяшчаюцца ў розных творах арцыбіскупа, у тым ліку ў яго аўтабіяграфіі, была штодзённая практыка, якая давала яму энергію і забяспечвала ўдалы дзень.
Пасля атрымання святарскага пасвячэння ён вырашыў штодзённа маліцца адну гадзіну перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Як сам патлумачыў у аўтабіяграфіі пад назвай «Скарб у гліняных пасудзінах» (A Treasure in Clay), гэтая ідэя прыйшла яму яшчэ ў час навучання ў семінарыі, і ён здолеў захаваць гэтае рашэнне да канца жыцця. Арцыбіскуп таксама шчыра прызнаваў, што гэта было зусім нялёгка і што часта патрабавала шмат ахвяр.
Ці гэта цяжка?
Часам гэта можа здавацца цяжкім. Можа быць звязана з неабходнасцю адмяніць прыемную сустрэчу ці ўстаць на гадзіну раней, аднак насамрэч гэта ніколі не было цяжарам, а выключна радасцю. Не кожная гадзіна малітвы была для Фултана лёгкай. Як ён сам прызнаваў, часам здаралася, што ён засынаў. Нягледзячы на ўсё, ён верыў, што паслядоўнае прысвячэнне адной гадзіны дня на малітву дазваляла яму паглыбіць адносіны з Езусам.
Фултан Шын заўважыў, што гадзінная малітва была магчымасцю ўважліва прыслухацца да Бога і супакоіць розум сярод усіх клопатаў штодзённага жыцця. Гэты час дазваляў яму добра падгатавацца да надыходзячага дня і пачаць яго з адпаведнай энергіяй. Арцыбіскуп лічыў, акрамя таго, што гадзіна перад Найсвяцейшым Сакрамантам захавала яго пакліканне і не дазволіла яму адправіцца на пошукі «больш зялёных пашаў».
«Як сабака ля дзвярэй гаспадара»
Вось што ён сам казаў пра гэтую практыку: «Святая гадзіна, акрамя ўсіх іншых добрых духоўных пладоў, не дазволіла мне збочыць з дарогі. Калі знаходзішся каля табэрнакулюма, не маеш часу на пошукі іншых пашаў. Гэтая, здавалася б, мігатлівая слабым полымем вечная лямпада мае нейкую таямнічую ўласцівасць свяціць «найярчэйшым святлом». Святая гадзіна сталася нібы кіслародная падушка, якая аднаўляе подых Святога Духа пасярод душнай і цеснай атмасферы свету. Нават калі гэта здавалася нявыгадным і пазбаўленым духоўнай блізкасці, я ўвесь час меў адчуванне, што я прынамсі як сабака ля дзвярэй гаспадара, гатовы на момант, калі ён пакліча мяне».
Уплыў на хрысціян розных канфесій
Хаця большасць гадзінных чуванняў адбывалася ў касцёле, перад Найсвяцейшым Сакрамантам, пратэстанцкія пастары былі натхнёныя словамі арцыбіскупа і прынялі падобную практыку. Найбольш незвычайным быў уплыў малітвы падчас Святой гадзіны на некаталіцкае духавенства. Іерарх правёў тры серыі рэкалекцый для пратэстанцкіх пастараў: двойчы для больш чым трохсот чалавек у Паўднёвай Караліне і Фларыдзе, а таксама адзін раз для меншай групы ў Прынстанскім універсітэце.
Ён прасіў сваіх слухачоў аб сталай гадзіннай малітве падчас Святой гадзіны для барацьбы з сіламі зла ў свеце, бо менавіта аб гэтым прасіў нас Езус у ноч сваіх Мукаў. І нават калі пастары не маліліся гадзіну перад табэрнакулюмам у каталіцкім касцёле, яны прынялі параду арцыбіскупа і штодзённа на працягу гадзіны прыслухоўваліся да Бога і маліліся за свет.
Не абавязкова гадзіна
Шмат свецкіх людзей таксама стараліся ўводзіць парады арцыбіскупа ў жыццё і спазналі шчодрыя духоўныя дары. Некаторыя заставаліся на малітве на працягу поўнай гадзіны, іншыя — толькі паўгадзіны ці нават 15 хвілін. Галоўнае — гэта рашэнне прысвяціць пэўную колькасць часу на малітву кожны дзень і вытрываць у гэтым рашэнні.
Чым больш часу мы здольныя прысвяціць малітве ў цішыні, тым больш часу мы маем на развіццё нашых адносін з Езусам. І нават калі часам здаецца, што нічога не адбываецца, плады будуць бачныя пазней, а нашы дні будуць значна больш «удалымі» такім чынам, які мы ніколі не змаглі б сабе ўявіць.
Паводле Aleteia [2]