[1]Вечаровая Святая Імша 30 жніўня сабрала разам вялікую парафіяльную сям’ю, каб падзякаваць за лета і папрасіць сілаў на надыходзячую восень.
Атмасфера ў святыні вызначалася, як заўсёды, сапраўднай хатняй цеплынёй. Калі дарослыя парафіяне засяроджана слухалі Божае Слова з амбона або ўкленчвалі каля драўлянай балюстрады, прымаючы Святую Камунію, зусім маленькія дзеці адчувалі сябе тут максімальна ўтульна.
На прыступках каля Рэлікварыя разам з дзвюма дзясяткамі святых спакойна-неспакойна бавіла час пара дашкольнікаў. Крыху старэйшыя міністранты ўсміхаліся і падмігвалі дзяўчынкам на лавах. Гэтая непасрэднасць яскрава падкрэслівала, што касцёл для лепельцаў – гэта другі дом, адкрыты для кожнага пакалення.
Кульмінацыяй нядзельнай літургіі стаў асаблівы, кранальны абрад благаслаўлення. З нагоды надыходзячага Дня ведаў святар запрасіў бліжэй да алтара ўсіх вучняў, студэнтаў і педагогаў. Узяўшы ў рукі крапіла, ксёндз Уладзімір шчодра акрапіў святой вадой прысутных і іх школьныя прылады. Пад іскрыстыя кроплі падстаўлялі твары юныя школьнікі і школьніцы з важкімі пярэстымі заплечнікамі.
Побач з імі стаялі дасведчаныя настаўнікі і выкладчыкі, якія ўжо праз дзень пераступяць парогіі лепельскіх школ і каледжа, каб узяць на сябе адказную справу – адукаванне і выхаванне будучага пакалення. Для кожнага з іх гэта была важная малітва за мудрасць, натхненне і плённую працу.
Здавалася б, урачыстасць падышла да свайго традыцыйнага завяршэння. Пробашч ужо развітаўся з парафіянамі, як раптам цішыню касцёла парушылі зусім нечаканыя, нелітургічныя гукі. Музыкі з гітарай і за электраарганам раптоўна змянілі рытм. З-пад іх пальцаў палілася вясёлая мелодыя, і ўвесь касцёл дружна, на адным дыханні падхапіў радаснае «Happy birthday to you!»
Для ксяндза Уладзіміра гэты музычны падарунак стаў вельмі прыемным сюрпрызам – бо менавіта заўтра ён адзначае свой дзень нараджэння. Шчырыя ўсмешкі і цёплыя вочы людзей імгненна сцерлі ўсе афіцыйныя межы. У гэтыя хвіліны пад старажытнымі скляпеннямі гучала не проста віншаванне, а сапраўдная любоў вялікай сям’і да свайго духоўнага пастыра і сябра.
Алег Шушкевіч