- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Абыякавасць». У Калумбіі біскуп прыйшоў на кангрэс і яго ніхто не пазнаў

[1]Ардынарый Калумбійскай дыяцэзіі Арменія прыйшоў на дыяцэзіяльны кангрэс сацыяльнага душпастырства, апрануты як бяздомны. Так як яго ніхто не пазнаў, ён назіраў за паводзінамі ўдзельнікаў. І падвёў вынікі свайго эксперыменту словам: «абыякавасць».

Псіхолаг і сацыяльны камунікатар, 52-гадовы біскуп Карлас Артура Кінтэра Гомес (Carlos Arturo Quintero Gómez) апрануў зношаную вопратку, яму зрабілі макіяж і іерарх накіраваўся на кангрэс, які прайшоў ва ўніверсітэце Квіндэ. Ён жабраваў, прасіў дапамогі і нават упаў, каб убачыць, як сабраныя адрэагуюць на «няпрошанага госця».

«Я зрабіў гэта, каб убачыць рэакцыю людзей на сустрэчу з бедным, бяздомным чалавекам, у бруднай і смярдзючай вопратцы, які ўваходзіць у касцёл ці на дыяцэзіяльны кангрэс. Гэта быў спосаб даведацца адносіны хрысціян», — растлумачыў іерарх мэты свайго эксперыменту.

[2]

«Як толькі я ўвайшоў у актавую залу, я пачаў адчуваць абыякавасць».

Ён таксама распавёў, як сябе адчуваў, будучы «бяздомным». «Я трапіў у скуру такога чалавека, адчуў боль і слязу ў сэрцы пры думцы пра беднасць і галечу. Як толькі ўвайшоў у актавую залу, я пачаў адчуваць абыякавасць. Я ішоў туды, як у свой дом. Але ніхто не прыняў мяне, ніхто не вітаў і ніхто нават не спытаў, хто я. Потым я сеў на стратэгічным месцы, каб мець магчымасць прааналізаваць паводзіны людзей», — сказаў біскуп Квінтэра Гомес.

Ён прызнаў, што ніхто не адносіўся да яго дрэнна, але тое, што ён перажыў, найлепшым чынам выражае слова «абыякавасць».

Пераклад Марыны Сінкевіч паводле deon.pl [3]