З нагоды парафіяльнага адпусту, які адбудзецца 29 верасня ў парафіяльным касцёле Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбудзецца аўтарскі вечар духоўнай музыкі кс. Тадэвуша Крыштопіка.
Кс. Тадэвуш на працягу ўжо многіх гадоў стварае вельмі глыбокія творы, піша музыку, вершы і сам з’яўляецца іх выканаўцам. Дзякуючы яго працавітасці і энтузіязму было выдадзена некалькі дыскаў з песнямі. Кс. Тадэвуш аднойчы ў актавай зале музычнай школы Навагрудка ўжо праводзіў свой творчы вечар.
Акрамя сваіх песень кс. Тадэвуш правядзе прэзентацыю новавыдадзенай кнігі пад назвай “Распазнаць дух антыхрыста”, дзе закранаюцца пытанні: «Хто такі антыхрыст на аснове біблійных тэкстаў і разважанняў айцоў касцёла і святых», «Як дзейнічае дух антыхрыста сёння?», «Абогатварэнне чалавека або гуманізм вышэй за Бога?», «Што такое дыктатура рэлятывізму (паводле Папы Бенедыкта XVI) і талерантнасць да граху ў імя свабоды, роўнасці і братэрства».
Удзельнікі творчага аўтарскага вечара змогуць задаць свае пытанні кс. Тадэвушу і набыць кнігу, якая выдадзена ў папяровым і аўдыё варыянце. Уваход на аўтарскі вечар свабодны.
Мерапрыемства адбудзецца пры парафіяльным касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку па вул. Міцкевіча 1. Пачатак у 18:00 (нядзеля 29 верасня).