- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

8 снежня Глыбоцкая парафія прысвяціла сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі

[1]Каталіцкі Касцёл мае асаблівы прывілей ушаноўваць Найсвяцейшую Панну Марыю ва ўрачыстасць Яе Беззаганнага Зачацця. Так Божы Провід вёў прыгожа, што да гэтай праўды Касцёл дарастаў, дарастаў духоўна, хаця свядомасць Божага народу была заўсёды вельмі глыбока з’яднаная з пабожнасцю Марыі.

Падчас гаміліі пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч асаблівым чынам запрашаў паразважаць, як гэта быць «дзіцём Марыі» і заклікаў не саромецца называць сябе дзіцём Марыі, аддавацца Ёй пад апеку кожны дзень, асабліва ў такія моманты, калі адчуваеш, што вакол цябе цемра, і тады адчуеш як прыйдзе супакой і свет, бо Яна разам з намі.

Пасля казання святар запрасіў прысутных вернікаў у гэты святочны дзень падзякаваць Марыі за тое, што Яна на працягу апошніх трох гадоў рамонту святыні была разам з намі асаблівым чынам. “Таму сёння, наша Мамачка, мы хочам Табе падзякаваць не толькі за рамонт, але за тое, што Ты апякуешся Глыбоцкай парафіяй на працягу гісторыі. Таму прымі Марыя ад нас гэтыя скромныя кветкі, няхай яны радуюць Тваё Беззаганнае Сэрца”.

Кс. Мікалай разам з міністрантамі накіраваліся ў капліцу да абраза Маці Божай, дзе быў пастаўлены кошык белых руж, а потым ад імя ўсёй супольнасці, пробашч прысвяціў Глыбоцкую парафію Беззаганнаму Сэрцу Марыі:

[2]

“Найчысцейшая, Беззаганна Зачатая, нашая Нябесная Мама! (…) Мы аддаёмся пад Тваю апеку, Марыя, і прысвячаем сябе Табе, каб Ты кіравала нашым жыццём, нашымі сэрцамі. Каб Ты дапамагала нам змагацца з сатаною, каб мы не былі падманутыя ім. Прымі гэтыя кветкі, як дар нашай удзячнасці за Тваю дапамогу не толькі ў матэрыяльным рамонце нашага храму. Няхай Божы храм і Божае Валадарства ў нашых душах будуюцца пад Тваёй апекай. Усе мы тут прысутныя, і ўсе нашыя сем’і Табе давяраем. (…)”

Пасля св. Імшы ў капліцы Маці Божай Падхорнай Глыбоцкай дзве парафіянкі прысвяцілі сябе Езусу праз Марыю, зачытаўшы і падпісаўшы акт прысвячэння па методыцы святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора [9].

[10] [11]

Марына Сінкевіч