[1]Набліжаецца завяршэнне Вялікоднага перыяду — часу, калі Касцёл з асаблівай сілай праслаўляе ўваскрасенне Хрыста і наша адраджэнне ў сакрамэнце хросту. Дзень нараджэння да нябеснага жыцця — гэта не проста ўспамін пра мінулае, а фундамент нашай каталіцкай ідэнтычнасці. Як жа штодня памятаць пра тое, што мы былі ўключаныя ў смерць і ўваскрасенне Езуса?
Хоць урачыстае аднаўленне абяцанняў хросту традыцыйна адбываецца ў Вігілію Вялікадня, свядомасць таго, што мы — дзеці Божыя, павінна суправаджаць нас штодзённа.
Вось 7 простых, але глыбокіх спосабаў, якія дапамогуць штодня жыць ласкай хросту.
- Свядомы знак крыжа
Гэта адна з найкарацейшых і адначасова найглыбейшых малітваў. Робячы гэты жэст, мы ахвяруем наш розум, эмоцыі і ўчынкі Айцу, Сыну і Духу Святому. Дзякуючы хросту мы ўдзельнічаем у святарскай місіі Езуса — а гэта азначае, што кожная хвіліна нашай штодзённасці можа стаць духоўнай ахвярай Богу. Няхай знак крыжа будзе для вас знакам прыналежнасці.
- Карыстанне святой вадой
Вельмі добра мець святую ваду ў сваім доме — напрыклад, у маленькай крапільніцы каля дзвярэй. Знак крыжа святой вадой — гэта прамое спасыланне на момант палівання галавы над хрысцільніцай. Вада сімвалізуе ачышчэнне і новае жыццё. Яна нагадвае, што ў Хрысце мы «памерлі для граху», каб стаць новым стварэннем (параўн. Рым 6, 8).
- Малітва «Хвала Айцу…»
Гэта найкарацейшая даксалогія — малітва ўсхвалення Найсвяцейшай Тройцы, цесна звязаная з хрысцільнай формулай. Памятайце, што «вы куплены дарагой цаною» (1 Кар 7, 23) і вырваныя з няволі. Кароткая малітва «Хвала Айцу», вымаўленая на працягу дня, — гэта акт удзячнасці за дар адкуплення.
- Чытанне Слова Божага
Хрост уключыў нас у прарочую місію Хрыста. Прарок — гэта той, хто слухае Бога і нясе Яго слова свету. Каб жыць паводле Евангелля, трэба яго спачатку ведаць. Рэгулярнае чытанне Пісання дазваляе спазнаць навуку Настаўніка і дзякуючы сіле Духа Святога ўвасабляць яе ў жыцці.
Пачніце з аднаго раздзела Евангелля ў дзень. Напрыклад, падчас ранішняй кавы — гэта лепш, чым праз гартанне стужкі навін.
- Дробныя добрыя ўчынкі
Сакрамант хросту дае нам удзел у каралеўскай місіі Хрыста. Аднак у хрысціянстве «валадарыць» азначае «служыць». Кожны жэст ветлівасці, дробная дапамога ці нават шчырая ўсмешка — гэта рэалізацыя вашага хрысціянскага паклікання. Такім чынам вы ўпадабняецеся Хрысту-Слузе.
- Благаслаўленне іншых
Гэта асаблівае заданне для мужа і жонкі, бацькоў, але не толькі. Кожны ахрышчаны пакліканы да таго, каб «благаслаўляць, а не праклінаць» (параўн. Рым 12, 14b). Рабіць гэта можна падвойна: па-першае, молячыся за людзей, якіх вы сустракаеце; па-другое, заўважаючы дабро ў навакольным свеце. Нават звычайны «Дзень добры» з шчырым сэрцам — гэта ўжо форма благаслаўлення.
- Адважнае дзяленне верай
Дух Святы, якога мы атрымалі на хросце (і які ўмацаваў нас у сакраманце бежмавання), робіць нас здольнымі да сведчання. Не кожны павінен прапаведаваць з амбоны, але кожны мае сваю прастору: размову з сябрам, дапамогу тым, хто мае патрэбу, ці актыўны ўдзел у парафіяльнай супольнасці. Дайце магчымасць Святому Духу дзейнічаць праз ваш талент — і Ён падкажа, як зрабіць гэта найлепшым чынам.
Паводле матэрыяла: Dariusz Dudek / Aleteia.pl [2]
Пераклад Марыны Сінкевіч