[1]Свет з усімі яго шматлікімі праблемамі пачынае выглядаць лепш пасля сну. Чым лепш мы спім па начах, тым больш зразумелым здаецца раніца.
Магчымасць добра заснуць і спакойна прачнуцца — гэта шчасце. Але калі мы не можам заснуць, мы часта пачынаем турбавацца пра заўтрашні дзень.
Вось некалькі парадаў ад святых, якія дапамогуць вам перамагчы бяссонніцу.
[2]Ешце хлеб і ваду перад сном, як святы Філіп Нэры
Гэты радасны святы быў вядомы сваёй гасціннасцю і пачуццём гумару, таму людзі любілі праводзіць час у яго кампаніі. Ён спажываў толькі хлеб і ваду, што часта здзіўляла яго гасцей. Як мог хтосьці настолькі дасціпны і шчаслівы прытрымлівацца такой сумнай дыеты?!
Але штодзённы хлеб святога Філіпа Нэры можа стаць менавіта тым, што дапаможа вам заснуць. Даследаванні паказалі, што перад сном вельмі важна пазбягаць алкаголю і кафеіну. Хоць гэта можа здацца, што келіх віна ці кубак гарачага напою дапамогуць вам лепш заснуць, гэта пагоршыць якасць вашага сну. Паспрабуйце замест гэтага з’есці кавалак звычайнага хлеба і выпіць шклянку вады.
[3]Маліцеся на ружанцы, як святыя Францішак і Жасінта
Францішак і Жасінта Марту былі двума дзецьмі з Фацімы, якія мелі гонар стаць сведкам аб’яўлення Багародзіцы. Яна загадала ім штодня маліцца на ружанцы.
Калі вам надакучыла «лічыць авечак», папрасіце дапамогі ў Марыі, памаліўшыся ружанец. Перад тым, як пачаць, можна папрасіць анёла-ахоўніка завяршыць малітву за вас, калі вы раптам засняце.
[4]Адпраўляйцеся на вячэрнія прагулкі, як блаславёны Стэнлі Ротэр
Айцец Стэнлі, святар-мучанік з Аклахомы, заўсёды хадзіў пешкі. Ён вырас на ферме, падчас вучобы ў семінарыі быў садоўнікам і земляробам, а потым паехаў служыць у Гватэмалу, дзе і быў забіты за веру.
Калі вы штодзённа займаецеся мала фізічнай працай, вам можа быць складаней заснуць. Так што прагуляйцеся і папрасіце ў бласлаўлёнага айца Стэнлі дадатковай вынослівасці, калі вам гэта трэба.
[5]Стварыце ўтульную спальню па прыкладзе святога Бэнэдыкта
Святы Бэнэдыкт, айцец заходняга манаства, меў пэўныя правілы ў дачыненні да рэжыму сну сваіх братоў. Пераканайцеся, што ваша спальня прызначана для сну, а не для забаў. Калі гэта азначае, што вы будзеце праводзіць менш часу ў пакоі ўвечары, або гэта азначае перастаноўку некаторых рэчаў, хай будзе так.
[6]Пачніце весці малітоўныя дзённік як Слуга Божая Лізавета Лезёр
Добры спосаб прааналізаваць свой дзень і прыгожа завяршыць вечар — весці дзённік. Лізавета Лезёр, французская містычка, жонка вядомага лідара антыклерыкальнага руху, вяла дзённік, у якім дзялілася сваімі малітвамі аб навяртанні мужа — і Гасподзь пачуў яе малітвы.
[7]Зрабіце перад сном учынак міласэрнасці, як Слуга Божая Дарота Дэй
Дарота Дэй імкнулася жыць кожны дзень, засяродзіўшы ўвагу на клопаце пра іншых. Каталіцкі Касцёл вучыць 14 учынкам міласэрнасці: 7 для цела і 7 для душы. Яны дапамогуць вам кожны дзень далучацца да служэння бліжнім.
[8]Адпусціце трывогі перад сном, як святы айцец Піа з П’етральчыны
Часта цытаваныя словы «Маліся, спавядайся і не турбуйся» прыпісваюцца айцу Піа, італьянскаму святару і містыку. Трывога можа перашкодзіць вам заснуць, таму перад сном прачытайце некалькі старонак з яго кнігі і адкіньце свае клопаты, перш чым галава дакранецца да падушкі.
Па матэрыялах credo.pro [9]
Пераклад Марыны Сінкевіч