Гэта самая вялікая калекцыя астанкаў святых за межамі Ватыкана. Было падлічана, што паміж 1868 і 1892 гадамі 800 валізак з рэліквіямі былі перавезены з Еўропы ў ЗША, у новапабудаваную капліцу св. Антонія ў Трой-Хіл. Як гэта адбылося?
Капліца св. Антонія ў раманскім стылі знаходзіцца ў Трой-Хіл каля Пітсбурга, штат Пенсільванія. Пабудаваная ў 1880 годзе дзякуючы айцу Сютберту Молінгеру. Ён быў місіянерам, які нарадзіўся ў Бельгіі.
Выхадзец з багатай сям’і, Молінгер на сродкі ад атрыманай спадчыны пабудаваў капліцу. Ён павінен быў стаць «домам» для велізарнай калекцыі рэліквій. Большая — толькі ў Ватыкане.
Капліца з 5000 рэліквіямі
Да прыезду ў ЗША, дзе прыняў святарскае пасвячэнне ў 1857 годзе, Молінгер жыў у Бельгіі, Нідэрландах і Італіі. Там ён вывучаў медыцыну ва ўніверсітэтах Рыма і Генуі. Адкрыўшы сваё пакліканне да святарства, ён пакінуў Еўропу. Стаў місіянерам у ЗША. У рэшце рэшт пасяліўся ў Пітсбургу, дзе заснаваў школу і манастыр.
У гэты час калекцыя рэліквій Молінгера павялічвалася. На гэта таксама паўплываў … рост нацыяналізму ў Еўропе ў 19 стагоддзі і наступныя сутыкненні з Каталіцкай Касцёлам у Германіі і Італіі. Спрэчкі паміж новай Італьянскай дзяржавай і Касцёлам тычыліся зямлі. Яны прывялі да разбурэння многіх манастыроў. Рэліквіі былі загублены або раскрадзены. Таму Молінгер паспрабаваў выкупіць іх, каб выратаваць.
Санктуарый рэліквій
У Германіі падчас сутыкнення культур канцлер Ота фон Бісмарк заклікаў да ўмяшання ў адукацыю. У той час яна ў асноўным кіравалася Касцёлам і асобамі, прызначанымі Касцёлам. Гэты супраціўляўся ўмяшанню. Таму некаторыя біскупы і святары былі вымушаныя пакінуць краіну. Многія палічылі, што рэліквіі знаходзяцца ў небяспецы, і спрабавалі адправіць іх у больш бяспечныя месцы.
Капліца ў Трой-Хіл стала «санктуарыям рэліквій». Паводле ацэнак, паміж 1868 і 1892 гадамі 800 валізак з 5000 рэліквіямі былі перавезены з Еўропы ў нядаўна пабудаваную капліцу св. Антонія. Над уваход змешчаны надпіс: «Целы святых спачываюць тут у супакоі».
Сярод рэліквій ёсць чэрап св. Тэадора, поўны шкілет св. Дзмітрыя, кавалак плашчаніцы Езуса, зуб апекуна капліцы — св. Антонія Падуанскага і кавалачкі крыжа Хрыста.
Айцец Молінгер — лекар
Але гэтыя рэліквіі былі не адзінай прычынай таго, што Молінгер стаў такой шаноўнай асобай сярод католікаў у Пітсбургу і па ўсёй краіне. Ён таксама быў вядомы як лекар, які выкарыстоўваў свае духоўныя дары і медыцынскі вопыт для лячэння больш за 100 пацыентаў у дзень. У клініцы на плябаніі займаўся пацыентамі, затым бласлаўляў іх адной са святых рэліквій з капліцы.
Штогод у Пітсбург сцякаліся дзясяткі тысяч пілігрымаў з усёй Паўночнай Амерыкі. Яны прымалі ўдзел у святкаванні свята Антонія Падуанскага і Імшы з малітвай аб аздараўленні.
Невялікі музей артэфактаў з жыцця Молінгера змяшчае калекцыю мыліц і акуляраў, пакінутых тымі, хто сцвярджаў, што вылечыўся. Спадчына айца Сютберта жыве і сёння, яе сімвалізуе высокі гранітны помнік, пабудаваны на вяршыні пагорка на могілках у Пенсільваніі, у гонар місіянера.
Па матэрыялах pl.aleteia.org [10]
Пераклад Марыны Сінкевіч











