[1]Езус сказаў пра маленькіх дзяцей рэчы, якія былі сапраўды рэвалюцыйнымі для Яго часу! Што яны значаць для нас сёння?
Нядаўна я была здзіўлена, калі даведалася, што ў часы Езуса стаўленне да дзяцей было зусім іншым, чым у нашыя часы.
Хаця сёння дзеці лічацца каштоўнымі і важнымі, у I стагоддзі яны ў асноўным лічыліся нікчэмнымі і разглядаліся як нешта падобнае да рэчаў. Веданне таго, як людзі таго часу бачылі дзяцей, па-новаму паказала некаторыя каментарыі Езуса.
Езус быў добра вядомы сваёй любоўю да дзяцей. У Евангеллях ад Мацвея, Марка і Лукі апавядаецца пра тое, як Ён бласлаўляў дзяцей, загадаў сваім вучням не адбіраць у Яго дзяцей і настойваў на тым, каб Яго паслядоўнікі сталі падобнымі да дзяцей.
Гэтыя каментарыі выглядаюць яшчэ больш рэвалюцыйнымі, калі ўлічыць, што дзеці ў той час былі на самай нізкай прыступцы грамадства. Мне вельмі цікава, як людзі адрэагавалі, калі Езус сказаў, што дзеці будуць большымі ў Валадарстве Нябесным.
Любоў Езуса да дзяцей — гэта цудоўная рэч, якую можна ўбачыць у Яго Каталіцкім Касцёле і яго народзе.
Як мы можам выказаць сваю любоў да дзяцей?
Магчыма, гэта значыць сказаць на Імшы што-небудзь гасціннае і добразычлівае сям’і з актыўным малым. Магчыма, гэта азначае прыносіць гатовую ежу ў сям’ю, у якой толькі што з’явіўся новы член, або трымаць дзіцяці сяброўкі, каб яна магла есці абедзвюма рукамі. Магчыма, гэта азначае дагляд за старэйшымі дзецьмі, каб яна магла падрамаць і адпачыць з нованароджаным, або проста маліцца на Ружанцы ці памаліцца на Імшы за дзяцей.
Як бы вы ні рабілі, кожны можа ўнесці свой уклад у выкананне наказу Езуса любіць і прымаць маленькіх дзяцей. Вось пяць біблейскіх вершаў, якія распавядаюць нам, чаму Езус вучыў пра дзяцей і чаму мы можам навучыцца з Яго слоў.
- Валадарства Нябеснае належыць тым, хто падобны да дзяцей
«Тады прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім. Тады Езус сказаў: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае» (Мц 19, 13-14).
- Хто прымае дзіця, той прымае Хрыста
«Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: «Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне»» (Мк 9, 36-37).
- Найбольшыя ў Валадарстве Нябесным пакорныя, як дзеці
«У тую гадзіну падышлі вучні да Езуса, кажучы: «Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным?» Тады Езус паклікаў дзіця, паставіў яго сярод іх і сказаў: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным» (Мц 18, 1-4).
- Анёлы дзяцей заўсёды сузіраюць аблічча Бога
«Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах» (Мц 18, 10).
- Найменшы сярод нас — самы вялікі ў вачах Бога
«Паўстала між вучняў пытанне: хто з іх быў бы большы? Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою і сказаў ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі»» (Лк 9, 46-48).
Тэрэза Сівантас Барбер, aleteia.org [2]
Пераклад Марыны Сінкевіч