- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

5 верасня — успамін св. Маці Тэрэзы з Калькуты

[1]5 верасня прыпадае літургічны ўспамін св. Маці Тэрэзы з Калькуты. Яна была беатыфікавана 19 кастрычніка 2003 г. Янам Паўлам ІІ. Яе кананізацыя адбылася 4 верасня 2016 г. у Рыме.

Маці Тэрэза з Калькуты (1910-1997) увайшла ў гісторыю як “маці ўбогіх”. Дзякуючы сваёй дзейнасці на карысць бедных, бяздомных, хворых і паміраючых заснавальніца манаскай супольнасці і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру стала незабыўнай постаццю.

Свет запомніў яе як невялікую, прыгорбленую жанчыну ў белым адзенні, якая стала вялікім маральным аўтарытэтам і сімвалізавала моц любові напрыканцы ХХ стагоддзя.

[2]

Крыніцай духоўнай сілы Маці Тэрэзы была гарачая малітва і шматгадзінная адарацыя Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэта перад Ім яна штодзённа выказвала таямніцы і прагненні свайго сэрца. Над уваходам у капліцу, дзе прабываюь яе сёстры ў Калькуце, змешчана слова “Прагну”. Маці Тэрэза адказвала на гэтае прагненне Езуса служэннем Пану ў паміраючых бедняках.

Яскравым доказам гэтага было ў 1982 г. праходжанне праз зону агню ў Бейруце з працаўнікамі Чырвонага Крыжа, дзякуючы чаму яна ўратавала 37 дзяцей з франтавога шпіталя.

У адкінутых і церпячых яна бачыла змучанага Пана. Яна часта паўтарала: “Сёння Хрыстус – у людзях нежаданых, беспрацоўных, пазбаўленых апекі, галодных, голых і бяздомных. Гэтыя людзі здаюцца непатрэбнымі для дзяржавы і грамадства; ніхто не мае для іх часу. Гэта менавіта ты і я як хрысціяне – годныя любові Хрыста настолькі, наколькі наша любоў сапраўдная, – з’яўляемся тымі, якія павінны іх знайсці і дапамагчы ім; яны існуюць, каб іх знайсці”.

Усё яе жыццё было сведчаннем веры, надзеі і любові. Яна заахвочвае нас і сёння: перадавай людзям Езуса не словамі, але сваім прыкладам, любячы Яго, ззяючы Яго святасцю і разносячы любоў усюды, дзе знаходзішся.

Пранікнемся хоць адной думкай з Евангелля і споўнім яе менавіта сёння, “трацячы” наша жыццё для Езуса і нашых блізкіх, каб і мы мелі ў сабе больш надзеі і супакою сэрца. А прыкладам гэтага прыгожага і адданага служэння Богу і людзям няхай будзе Маці Тэрэза, святая ад убогіх.

[3]

Вось некалькі думак Маці Тэрэзы з Калькуты:

  1. Мы не можам рабіць вялікіх справаў, а толькі маленькія з вялікай любоўю.
  2. Шчасце нельга знайсці без малітвы.
  3. Людзям не хапае любові значна больш, чым хлеба, і гэты голад самы моцны.
  4. Каб стварыць сям’ю, дастаткова кахаць, а каб яе захаваць, трэба навучыцца цярпець і прабачаць.
  5. Калі ацэньваеш людзей, не маеш часу іх любіць.
  6. Мы можам пазбавіцца ад хваробы з дапамогаю лекаў, але адзіны лек ад адзіноты, адчаю і безнадзейнасці — гэта любоў. У свеце шмат людзей, якія паміраюць з голаду, але яшчэ больш тых, хто памірае з¬за таго, што ім не хапае любові.
  7. Няважна, хто і што пра вас гаворыць — прымайце ўсё гэта з усмешкаю і працягвайце рабіць сваю справу.
  8. Добрыя словы сказаць лёгка, іх рэха доўга жыве ў сэрцах людзей.
  9. Любоў не выбірае, любоў толькі дае.
  10. Каб любоў была сапраўднаю, яна павінна прыносіць боль.
  11. Памятайце, што мы павінны любіць бедных аж да болю.
  12. Трэба даваць тое, што мае нейкі кошт, патрабуе пасвячэння, пазбаўляе чагосьці, што любіш, каб дар меў каштоўнасць у вачах Бога.
  13. Не мы любім бедных, а Хрыстус. Хрыстус любіць іх праз нас, бо хоча цялесна быць побач з імі.
  14. Мы не можам рабіць вялікіх справаў, а толькі маленькія з вялікай любоўю.
  15. Самы важны лек — гэта пяшчотная любоў і клопат.
  16. Я дакладна ведаю, што калі б людзі мацней любілі адзін аднаго, нашае жыццё было б значна лепшым.
  17. Калі вы хочаце ашчаслівіць увесь свет, ідзіце дадому і любіце сваю сям’ю. Адзінота і адчуванне, што ты нікому не патрэбны, — самы жахлівы від беднасці.
  18. Радасць — гэта сеткі любові для лоўлі душаў.
  19. Я адчуваю сябе алоўкам у руках Бога. Ён піша намі, і піша добра, нават калі мы недасканалая прылада.
  20. Лёгка любіць тых, хто далёка, але не так проста палюбіць тых, хто блізка.
  21. Не бойцеся любіць. Адкрывайце сэрца і пастарайцеся абудзіць у ім любоў. Для гэтага не трэба бачыць у іншых і сабе толькі недахопы і памылкі. Шукайце і знаходзьце у людзях прыгожае і добрае. Гэта натхняе і нас саміх, і іншых людзей на праяву лепшых якасцяў.

Па матэрыялах grodnensis.by [4] і ave-maria.by [5]