Улады ЗША прызначылі пяць мільёнаў долараў, як узнагароду за ўказанне месца знаходжання святара-езуіта Паола Даль’оліа (Paolo Dall’Oglio), які быў выкрадзены больш за шэсць гадоў таму ў Сірыі. Зварот на арабскай мове быў апублікаваны Дзярждэпартаментам ЗША 16 лістапада ў Вашынгтоне, напярэдадні 65-годдзя італьянскага езуіта.
Ксёндз Паола Даль’оліа, езуіт і ісламазнаўца, працаваў больш за 30 гадоў у Сірыі. 29 ліпеня 2013 года яго выкралі каля турэцкай мяжы, калі ён ехаў пасрэднічаць паміж баевікамі-ісламістамі і курдамі ў штаб «Ісламскай дзяржавы» ў Рака. З таго дня пра яго нічога не вядома, не вядома нават ці ён жывы.
Таксама невядома, хто канкрэтна здзейсніў гэты ўчынак, хоць найбольш часта указваецца на Аль-Каіду. З просьбай аб вызваленні святара Дал Огліа неаднаразова звяртаўся да выкрадальнікаў Папа Францішак, а таксама настаяцелі езуіцкага ордэна.
Даль’оліа заснаваў манаскую экуменічную супольнасць Мар-Муса ў Сірыі. Ён таксама прыкладаў шмат намаганняў у будаванні супакою і супрацоўніцтва паміж мусульманамі і хрысціянамі.
У чэрвені, на шостую гадавіну знікнення, сям’я выкрадзенага езуіта абвінаваціла ўлады ў халатнасці. Хоць Рака быў вызвалены ў канцы 2017 года, дагэтуль няма інфармацыі пра лёс італьянскага святара. І толькі ў 2018 годзе сям’я атрымала чамадан з асабістымі рэчамі святара, які з чэрвеня 2014 года знаходзіўся ў валоданні італьянскіх следчых.
Пераклад Вікторыі Колзун
Паводле deon.pl [4]