- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Пагошчы Відзаўскага дэканату асвечаны новы крыж

[1]Ён усталяваны на цэнтральнай плошчы вёскі.

Адбылося гэта ў нядзелю 15 ліпеня падчас візітацыі біскупа Алега Буткевіча ў парафію Божай Міласэрнасці ў Пагошчы.

Менавіта каля крыжа вернікі разам з пробашчам ксяндзом Славамірам Самковічам чакалі свайго пастыра. Пасля традыцыйнай сустрэчы з хлебным караваем іерарх звярнуўся да прысутных са словамі прывітання. Ён адзначыў, што цяпер крыжы варочаюцца на свае месцы, туды, дзе ім належыць быць. Зараз, дзякуй Богу, мінулі тыя часы, калі мясцовыя ўлады зразалі і знішчалі крыжы.

Разам з вернікамі іерарха сустракаў і кіраўнік мясцовай гаспадаркі “Маяк Браслаўскі” Рамуальд Шукель. Гэта гаспадарка з ініцыятывы Рамульда Іванавіча і стала галоўным спонсарам устаноўкі крыжа.

– Я рады і шчаслівы, што буду прыязджаць на працу і бачыць, што стаіць крыж. Ён стаіць у цэнтры вёскі, але ён глядзіць на адміністрацыйны будынак праўлення нашай гаспадаркі. Думаю, Бог нам будзе дапамагаць і ў цяжкую хвіліну, і ў добрую, каб у нас справы ішлі яшчэ лепш, – адзначыў Рамульд Шукель.

Біскуп Алег прачытаў малітву і асвяціў новы крыж. Іерарху дапамагло ў гэтым і неба, бо як раз пад час асвячэння зацерушыў невялікі дождж, які хутка спыніўся.

[2]

Урачыстасць суправаджалася спевам хору з Друі з удзелам скрыпачак са Слабодкі.

Пасля асвячэння крыжа вернікі разам са святарамі пайшлі працэсіяй да касцёла, які таксама павінен быў асвечаны ў гэты дзень.

Зміцер Лупач, тэкст і фота