- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

4 кастрычніка — успамін св. Францішка Асізскага

[1]Каталіцкі Касцёл 4 кастрычніка ўшаноўвае памяць святога Францішка Асізскага, аднаго з найбольш значных і шанаваных святых у гісторыі хрысціянства. Ён вядомы як заснавальнік Ордэна Меншых Братоў — францішканцаў — і сімвал глыбокай пакоры, любові да стварэння і адданасці Богу. Яго жыццёвы шлях стаў узорам сапраўднай евангельскай беднасці і духоўнага адраджэння Касцёла.

Францішак нарадзіўся паміж 1181 і 1182 гадамі ў заможнай сям’і купца П’етра Бернардонэ ў Асізі, невялікім горадзе ў Цэнтральнай Італіі. З юных гадоў ён праяўляў сябе як энергічны, амбіцыйны і жыццярадасны малады чалавек, які імкнуўся да рыцарскіх подзвігаў і свецкіх забаў. Ён марыў пра славу і прыгоды, характэрныя для яго сацыяльнага становішча. Гэтыя мары прывялі яго да ўдзелу ў вайне паміж Асізі і Перуджай, дзе ў 1202 годзе ён трапіў у палон. Перыяд палону, праведзены ў адзіноце і разважаннях, стаў для Францішка часам глыбокага ўнутранага пералому і навяртання. Менавіта тады ён пачаў адчуваць моцнае пакліканне да зусім іншага жыцця — да духоўнага служэння Пану.

Прыкладна ва ўзросце 25 гадоў, падчас малітвы ў напаўразбураным касцёле Сан Дам’яна каля Асізі, Францішак пачуў голас Езуса, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішку, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Гэтыя словы святы першапачаткова зразумеў літаральна і пачаў адбудоўваць фізічны касцёл, выкарыстоўваючы сродкі, атрыманыя ад продажу сямейных тавараў. Калі яго бацька запатрабаваў вярнуць грошы і пагражаў пазбавіць сына спадчыны, Францішак адмовіўся ад усёй маёмасці, публічна адракаючыся ад бацькоўскай спадчыны, пакінуў бацькоўскі дом і пачаў жыць як жабрак, цалкам даверыўшыся Божай міласэрнасці. Гэты ўчынак стаў сімвалам ягонай поўнай адданасці Богу і евангельскім прынцыпам беднасці.

З часам да Францішка сталі далучацца людзі, якія падзялялі яго ідэалы і жаданні жыць паводле евангельскіх прынцыпаў. Яны збіраліся разам, каб дзяліцца сваёй верай і служыць бліжнім у духу пакоры і беднасці. Так утварыўся жабрачы ордэн францішканцаў, вядомы сваёй строгай беднасцю, глыбокай пакорай і бязмежнай любоўю да Пана і ўсяго стварэння. Верная супрацоўніца Францішка, святая Клара, натхнёная ягоным прыкладам, заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон святога Францішка, вядомы як кларыскі. Яшчэ пры жыцці святога папулярнасць францішканскіх ідэалаў так шырока распаўсюдзілася, што Францішак стварыў трэці закон — Трэці Ордэн — для людзей свецкіх, якія жадалі жыць паводле ягоных настаўленняў, не пакідаючы пры гэтым сваіх сем’яў і прафесій. Гэта сведчыла аб тым, што ягоная навука была актуальнай для ўсіх слаёў грамадства.

За два гады да смерці, у 1224 годзе, падчас малітваў на гары Альверна, у Францішка з’явіліся стыгматы — раны Езуса Хрыста на руках, нагах і баку, што стала выключным сведчаннем ягонай глыбокай духоўнасці і адданасці Пакутам Хрыста. Гэтыя раны былі бачным знакам ягонага поўнага яднання з Панам у Ягоных пакутах. Апошнія гады жыцця Францішка былі напоўнены вялікім цярпеннем: ён цяжка захварэў на малярыю і пачаў губляць зрок, пакутаваў ад розных хвароб, выкліканых ягоным аскетычным ладам жыцця. Нягледзячы на фізічныя пакуты, святы працягваў распаўсюджваць свае ідэі і падтрымліваць сваіх паслядоўнікаў, застаючыся для іх прыкладам стойкасці і веры.

Святы Францішак сустрэў смерць 3 кастрычніка 1226 года ў Парцыюнкулі, непадалёк ад Асізі, свайго роднага горада. Ягоная смерць была спакойнай, і ён называў смерць «сястрою», вітаючы яе як натуральны працяг жыцця і шлях да сустрэчы з Панам. Рэліквіі святога Францішка захоўваюцца ў крыпце базылікі, пабудаванай у яго гонар у Асізі, якая з’яўляецца важным месцам паломніцтва для вернікаў з усяго свету. Яго жыццё і дзейнасць, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілаваннем навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў беднасці, любові і братэрства.

Асаблівую ўвагу заслугоўваюць рэлігійныя творы Францішка, якія працягваюць кранаць і хваляваць людзей да сённяшняга часу. Сярод іх найбольш вядомы «Песня брата Сонца» — або «Гімн стварэння» — які выражае глыбокую ўдзячнасць святога за ўсё створанае Богам і заклік да хвалы Пану праз кожны элемент прыроды. Гэты гімн з’яўляецца яскравым прыкладам ягонай глыбокай веры і здольнасці бачыць Бога ў кожнай дробязі стварэння. Францішак стаў сімвалам гармоніі з прыродай, міру і любові да бліжняга, а ягоная навука пра каштоўнасць стварэння аказала вялікі ўплыў на касцёльную тэалогію і экалагічную думку, натхняючы на беражлівыя адносіны да Божага свету.

Святы Францішак таксама з’яўляецца прыкладам для шматлікіх вернікаў сваім жыццёвым шляхам, поўным пакоры і адданасці Божай волі. Ён лічыў, што сапраўдная радасць і шчасце дасягаюцца праз служэнне іншым і адмову ад матэрыяльных даброт, што дазваляе чалавеку цалкам адкрыцца на Божую ласку і даверыцца Ягонай міласэрнасці. Гэтая філасофія стала асновай ягонай духоўнай спадчыны і натхняла шматлікіх паслядоўнікаў на працягу стагоддзяў, зрабіўшы яго адным з найбольш ушанаваных святых. Ягоны культ шырока распаўсюджаны па ўсім свеце, і ён лічыцца апекуном экалогіі, жывёл і многіх свецкіх і манаскіх супольнасцяў, якія імкнуцца жыць паводле евангельскіх парад.

Святкаванне дня ўспаміну святога Францішка нагадвае нам пра важнасць жыць паводле евангельскіх прынцыпаў і быць адданымі Божай волі. Святы Францішак, які аддаў сваё жыццё служэнню іншым і Божаму Касцёлу, працягвае быць натхненнем для ўсіх вернікаў, якія імкнуцца да святасці. Ягоны прыклад пакоры, беднасці і адданасці Богу з’яўляецца праўдзівай сілай і святлом для ўсіх, хто імкнецца да збаўлення і дасягнення Валадарства Божага.

Transitus святога Францішка

Сёння мы сабраліся не ў звычайны вечар. Мы сабраліся не для таго, каб плакаць і быць у жалобе, а для таго, каб узгадаць. Успомніць адну з самых урачыстых і дзіўных начэй у гісторыі францішканскіх братоў і сясцёр. Успомніць пераход. Transitus. Пераход з гэтага свету ў свет вечнага Святла святога Францішка. Гэты вечар і будучая сённяшняя ноч нагадваюць нам пра Пасху — пераход з няволі ў свабоду, з цемры ў святло, са смерці ў жыццё. Як народ Ізразль перайшоў праз Чырвонае мора да вызвалення, так і кожны вернік праз хрост уключаецца ў гэты пераход, дзе смерць перамагаецца жыццём.

Вакол цемра. Але мы запалілі свечкі. Гэта не проста сімвал. Гэта наш адказ на цемру. Цемру ночы, цемру сумненняў, цемру смерці. Святы Францішак навучыў нас бачыць нават у цемры прысутнасць Творцы. Ён навучыў нас бачыць сястру Смерць. У гэтым ён быў падобны да прарока Ісаі, які абвясціў: «Народ, які ходзіць у цемры, убачыў вялікае святло» (Іс 9, 1). Святло Хрыста, якое асвятляе кожную цемру, у тым ліку і цемру смерці, ператвараючы яе ў сястру.

Вось ён, у сваёй любімай капліцы Порцыюнкула. Цела яго змучана постам і духоўнымі пакутамі, працай і служэннем бліжнім, фізічнай немаччу і пяццю стыгмамі. Яно больш не слухаецца яго. Але дух яго свабодны і лёгкі. Ён ляжыць на голай зямлі, як і жыў. Ён абнімае сваіх сыноў, сваіх братоў. І ён гаворыць з імі. Ён не чытае доўгіх павучанняў і наказаў. Ён пакідае ім самае дарагое, свае духоўныя запаветы. У гэтым ён нагадвае Майсея, які перад сваім зыходам таксама пакінуў запаветы і благаслаўленні народу Ізразль (пар. Дрг 33).

Першы запавет — Цярплівасць. «Я прасіў у Бога цярплівасці, — кажа ён, — а Ён паслаў мне галодных, хворых і грэшных братоў». Чаму? Таму што любоў да Бога правяраецца менавіта любоўю да бліжняга: да таго, хто думае інакш, да таго, хто нас раздражняе, да таго, хто нам здрадзіў. Цярплівасць — гэта не проста сціснуць зубы і змаўчаць. Гэта актыўнае прызнанне годнасці іншага чалавека, нават калі мы не разумеем яго. Гэта пакорлівасць. Супраціў спакусе, супраціў спробе ўзвышэння і пыхі. Францішак, які быў поўны запалу і рашучасці, вучыўся ў Бога гэтай пякоткай цярплівасці. І мы, у нашай супольнасці, сёння просім: Пане, дай нам быць цярплівымі адзін да аднаго, як Ты цярплівы да нас. Апостал Павел у Пасланні да Галатаў кажа: «Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (Гал 6, 2). Гэтая цярплівасць ёсць праяўленне міласэрнасці, якая перамагае ўсякае падступства цемры.

Другі запавет — Убогасць. Ён прасіў братоў ніколі не адступаць ад «святой убогасці». Чаму? Таму што яна — гэта не проста адсутнасць маёмасці. Гэта — свабода. Свабода ад прывязанасці да рэчаў, статусу, думкі «я маю права». Святая ўбогасць — гэта поўная адкрытасць Божаму правядзенню. Быць гатовым сёння ісці сюды, а заўтра — туды, куды пашле Бог. Быць як падарожнік, які нічым не абцяжараны, ні да чаго не прывязаны, каб рукі і сэрца былі свабоднымі для абдымкаў і дапамогі бліжняму. Убогасць дазваляе нам быць сапраўды беднымі духам з надзеяй на найвялікшы скарб — Валадарства Божае. Няхай нашы сэрцы не будуць загружаныя скарбам, які іржавее і знішчаецца, а будуць лёгкімі для прыняцця сапраўднай каштоўнасці — самога Бога. У Евангеллі ад Мацвея чытаем: «Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць.Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.» (Мц 6, 19-21). Убогасць — гэта шлях да таго, каб сэрца было цалкам прыналежным Богу.

Трэці запавет — вернасць Касцёлу. У часы Францішка многія, хто шукаў Бога, адварочваліся ад Касцёла. Але Францішак, як прарок, які ішоў супраць цячэння і подыху свету, загадваў сваім братом «мець у павазе і паслухмянасці» святароў і Касцёл. Ён разумеў, што без каранёў, без апоры, без Сакрамэнтаў, яго жыццё і справа стануць яшчэ адной сектай, якая загіне. Ён верыў, што Дух Святы жыве і дзейнічае ў лоне Маці-Касцёла, нават калі яе дзеці і слугі не ідэальныя. Гэта велізарны ўрок для нас сёння: любіць Касцёл не за тое, што ён не без граху, бо ў ім мы, грэшныя людзі, а за тое, што ён — Нявеста Хрыста, крыніца святасці, радовішча ласкі.

І вось, пасля гэтых запаветаў, настаў самы галоўны момант. Святы Францішак прыгадаў сваю ўласную песню, свой «гімн стварэнню», свой гімн жыцця. Ён дадаў да яго новы, нечаканы радок: «Найвышэйшы, Усемагутны, Добры Пане, — прашаптаў ён, — Табе слава, хвала, чэсць і ўсякае благаслаўленне… Хвала табе, Пане, за сястру нашу Смерць…»

Сястра-Смерць. Ён не сказаў «маці-Смерць», якая спакойна захоўвае нас у сваіх абдымках. Ён не сказаў «вораг-Смерць», якую трэба перамагчы. Ён назваў яе сястрой. Калі мы бачым у чымсьці сястру, мы бачым у ёй роўную. Мы бачым у ёй адбітак таго ж Айца. Мы бачым у ёй частку адной сям’і. Смерць для Францішка — не канец. Яна — брама. Яна — дзверы, якія адчыняюцца. Яна — мост паміж жыццём часовым і жыццём вечным. Ён не ідзе ў невядомасць. Ён ідзе да той найвялікшай Любові, якую ён сустракаў на кожным кроку, у кожнай кветцы, у кожным чалавеку, ва ўласных ранах. Ён ідзе да Святла, з якога паходзіць усё святло. У кнізе Прарока Осіі Бог кажа: «Ад смерці Я выкуплю іх, ад магілы вызвалю» (Ос 13, 14). Для вернага Богу смерць — гэта ўжо не пакута, а пераход да поўнага збаўлення.

І вось, у гэтую хвіліну, ён прагаворыць свае апошнія словы: «Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць; няхай Хрыстус вучыць вас, што рабіць». Гэта поўная аддача сябе волі Божай. Гэта гатоўнасць. Місія выканана. Гэтыя словы так ясна пераклікаюцца са словамі апостала Паўла: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў.» (2 Цім 4, 7). Жыццё, пражытае ў вернасці, завяршаецца не тужлівасцю і сумам, а перамогай.

Сёння не толькі ўспамінаем. Мы святкуем. Мы святкуем перамогу Любові над страхам. Мы святкуем вернасць, якая дайшла да самага канца. Мы святкуем тое, што наша жыццё, калі мы жывём у Богу, не канчаецца за парогам смерці, а толькі пачынаецца па-сапраўднаму. Як у Апакаліпсісе чытаем: «І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула» (Ап 21, 4). Смерць як сястра праводзіць нас да гэтай паўнаты.

Няхай прыклад нашага сябра і бацькі, Францішка, навучыць нас таксама жыць, каб у дзень нашага ўласнага Transitus мы маглі з поўным спакоем і нават радасцю сказаць: «Вось, я іду да Цябе, мой Пане. Дзякуй Табе за гэта жыццё, дзякуй за сястру Смерць, што вядзе мяне да вечнай сустрэчы з Табой». Дзякуй Табе, Божа, за нашага брата Францішка. Хвала Табе, Пане, за сястру нашу Смерць! Няхай яго малітвы і яго прыклад дапамагаюць нам усім прыняць наш уласны пераход з веры і надзеяй і любоўю.

Кс. канонік Сяргей Сурыновіч