[1]Ні адзін з каталіцкіх манаскіх ордэнаў не выклікае такіх эмоцый, як езуіты. Пра езуіцкую хітрасць складаюць прымаўкі. Пра іх здрадлівасць і шкоднасць распавядаюць чорныя легенды. У чым іх толькі ні папракалі: і ў тым, што гэта ніякая не манаская, а ваенная арганізацыя, якую характарызуе неймаверны ваенны парадак і дысцыпліна, і што адно, чаго прагнуць езуіты, – гэта ўлада ў Касцёле і свеце. Калі б заснавальнік Таварыства Езуса (езуітаў) Ігнацый Лаёла прачытаў стос гэтых асуджэнняў, думаю, пагадзіўся б з адным: так, нас яднае жалезная дысцыпліна і называецца яна “паслухмянасць”!
Менавіта досвед звычайнага свецкага жыцця дазволіў Ігнацыю стаць заснавальнікам аднаго з найбольш вядомых манаскіх ордэнаў. Будучы рыцарам, жаўнерам, чалавекам ваенным, Ігнацый выпрацаваў у сабе нязломную волю да перамогі. У сваёй апошняй ваеннай прыгодзе толькі наўпростае траплянне гарматнага ядра змусіла яго аддаць замак, які абаранялі. Гэтую цвёрдасць, стойкасць пасля свайго навяртання Ігнацый прывіваў сваім духоўным сынам.
Таварыства, каторае ён арганізаваў паводле Божага Провіду з дзесяццю іншымі сябрамі, павінна было мець новыя, у нейкім сэнсе наватарскія правілы жыцця. Так, Ігнацый адмяніў практыку доўгіх харальных набажэнстваў, што выклікала шок у тагачасных іерархаў. Ён сцвярджаў, што кожны брат сам павінен дайсці да разумення, колькі часу яму маліцца, а колькі прысвяціць службе бліжняму.
Ігнацый звярнуў таксама ўвагу на багацце перажыванняў, пачуццяў, эмоцый, надзей і прагненняў чалавека. Убачыў там месца для духоўнага распазнавання волі Божай і напісаў вядомыя ў каталіцкім асяроддзі духоўныя практыкаванні, якія да сённяшняга дня з’яўляюцца класікай духоўнай літаратуры.
За сваю інавацыйнасць Ігнацый не раз трапляў на прыцэл святой інквізіцыі. У прынцыпе прэтэнзіі не заўсёды фармуляваліся “ты не маеш рацыі”, а больш гучалі так: “ты не маеш права пра гэта навучаць”. Будучы святы разумеў вялікую патрэбу філасофскай і багаслоўскай адукацыі для сябе і сваіх братоў. Менавіта пад прэсінгам інквізіцыі ён сфармуляваў правіла: кожны брат павінен быць спецыялістам у справе, якую робіць!
Будучага святога вызначала незвычайная паслухмянасць Касцёлу і яго кіраўнікам. Гэта дазваляла глядзець на закіды і на прэтэнзіі не як на перашкоду ў дзейнасці, а як на магчымасць зрабіць карэкціроўку абранага курсу. Так, напрыклад, Ігнацый бачыў сваё Таварыства як ордэн вандроўнікаў. Пасля запрашэння пэўнага свецкага ўладара заняцца бяздомнымі падлеткамі нарадзілася адна з найбольш вядомых педагагічных устаноў у свеце – Езуіцкі калегіум. Адзін з іх, заснаваны ў Полацку, сёння працягвае сваю дзейнасць у Варшаве і называецца ў гонар св. Андрэя Баболі – Bobolanum.
Езуіцкі дэвіз можна пабачыць у многіх касцёлах Беларусі, напрыклад, у Мінску ў катэдры: “Аd maiorem Dei gloriam” (“На большую славу Божую”).
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС
2017г.
