[1]10 чэрвеня 2023 года на плошчы Святога Пятра і адначасова на васьмі іншых плошчах па ўсім свеце ў прысутнасці Папы пройдзе Сусветная сустрэча па пытаннях чалавечага братэрства пад назвай #NotAlone.
На ватыканскай плошчы будуць прысутнічаць 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і тысячы маладых людзей з усяго свету. Мерапрыемства арганізавана Ватыканскім фондам Fratelli tutti ў супрацоўніцтве з базілікай святога Пятра, Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Дыкастэрыяй па камунікацыі.
У Ватыкане чакаюць таксама сем’і, асацыяцыі і тых, хто сёння вымушаны жыць на абочыне грамадства, ад бедных і бяздомных да мігрантаў і ахвяр гвалту і гандлю людзьмі.
Ініцыятыва, натхнёная энцыклікай Папы Францішка Fratelli tutti, мае на мэце прыцягнуць людзей з усяго свету да сумеснага прасоўвання культуры братэрства і міру.
Раніцай 10 чэрвеня нобелеўскія лаўрэаты, якія далучыліся да ініцыятывы, сустрэнуцца адзін з адным і з дзеячамі навукі, культуры, права і міжнародных арганізацый для стварэння дакумента, у якім прагучыць заклік да пашырэння чалавечага братэрства. Вечарам тэкст прадставяць Пантыфіку.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News