- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

28 студзеня ў Іўі адбудзецца фестываль калядных песень “Gloria in excelsis Deo”

[1]Парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ладзіць традыцыйны фестываль калядных спеваў ужо ў дваццаць першы раз, паведамляе grodnensis.by [2].

Прайшоўшы шлях ад сціплага парафіяльнага свята да сталага фестывалю, мерапрыемства штогод збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія выконваюць калядныя песні, чытаюць вершы, танчаць, прадстаўляюць калядныя сцэнкі. За час існавання фестывалю ў ім бралі ўдзел выканаўцы з парафій не толькі Іўеўшчыны, але і ўсёй Беларусі і замежжа.

У якасці ганаровых гасцей на фестывалі прысутнічалі беларускія каталіцкія іерархі, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай улады, у цеснай супольнай працы з якімі штогод праводзіцца фестываль.

Пачнецца фестываль святой Імшой у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі у 11.30. Затым у Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу адбудзецца святочны канцэрт.

Арганізатары шчыра запрашаюць усіх ахвотных.