[1]Вы хросны тата або хросная маці? Віншую! Але ваш любімы хрэснік жыве далёка… Як жа быць для яго надзейным духоўным настаўнікам?
Бог Айцец жыве на нябёсах, а Яго любоў пастаянна акружае нас. У Ім мы ўсе здолеем нават нягледзячы на вялікія адлегласці. Вашы адносіны з хрэснікамі надзвычай важныя, таму не дазваляйце адлегласці перашкаджаць вам у дапамозе бацькам праводзіць іх да Хрыста! Заўсёды ёсць спосаб падтрымаць хрэснікаў у пошуках Хрыста, нават калі вы не можаце быць побач з імі фізічна.
Вашай увазе 25 ідэй, як быць добрым хросным, нягледзячы на адлегласці, якія вас падзяляюць.
- Напішыце хрэсніку, што моліцеся за яго.
- Адпраўце віншавальную паштоўку з нагоды святаў.
- Запрапануйце прыняць удзел у Імшы, нагадваючы расклад нядзельных набажэнстваў.
- Запаліце свечку за сваіх хрэснікаў і маліцеся за іх падчас Эўхарыстыі.
- Тэлефануйце на асабістыя святы, напрыклад, дзень нараджэння ці імяніны.
- Запрасіце хрэсніка ў пілігрымку ці адпустовую ўрачыстасць.
- Даведайцеся пра святых заступнікаў сваіх хрэснікаў і паклапаціцеся пра кнігі, якія распавядаюць пра адпаведных сятых, ці іх абразкі.
- Няхай вашы хрэснікі ведаюць, што вы заўсёды за іх моліцеся, асабліва ў нялёгкія для іх часы.
- Старайцеся запомніць некаторыя моманты з жыцця вашых хрэснікаў, напрыклад, імёны сяброў, любімыя заняткі, каб потым пацікавіцца, чым яны жывуць.
- Пацікаўцеся таксама іх рэлігійным жыццём. Напрыклад, якая іх любімая частка Літургіі; або яны калісьці думалі пра манаскае ці святарскае жыццё. Магчыма, менавіта пасля вашага пытання яны пра гэта ўпершыню задумаюцца.
- Падзяліцеся сваімі жыццёвымі гісторыямі. Ваша шчырасць дапаможа зблізіцца на больш глыбокім духоўным узроўні, а таксама дапаможа дзіцяці даверыцца вам.
- Навучыце сваіх хрэснікаў маліцца на ружанцы ці іншым малітвам пры дапамозе падарункаў, зносін у інтэрнэце ці тэлефонных званкоў.
- Даведайцеся, пра што любіць пагаварыць ваш хрэснік, нават калі гэта не датычыцца рэлігіі. Вы заўсёды можаце, абмяркоўваючы нават тэму футбола, знайсці там прыклады Божай любові.
- Дапамагайце сваім хрэснікам у прыняцці складаных рашэнняў. Нават калі скажаце, што моліцеся за іх, гэта будзе для іх падтрымкай.
- Раскажыце дзецям аб такіх арыгінальных святых як Майсей Мурын, Падрэ Піа, Маці Тэрэза і іншых, якія маглі б зацікавіць іх.
- Заплануйце паездку да сям’і хрэсніка і ідзіце з ім на марозіва ці шпацыр.
- Будзьце яму падтрымкай! Напрыклад, наведайце яго ва ўніверсітэце, у першай кватэры або на першым працоўным месцы. У той момант яны могуць запатрабаваць кагосьці блізкага побач.
- Любіць сваіх хросных дзяцей, як Хрыстос, — безумоўна. Нягледзячы на ўсё, што можа адбыцца на іх шляху.
- Не губляйце сувязяў. Калі Дух Святы нагадвае пра тое, што ўжо больш за паўгода вы не тэлефанавалі да іх, зрабіце гэта неадкладна!
- Зарэгіструйцеся ў сацыяльнай сетцы, якой карыстаюцца вашы хрэснікі. Проста час ад часу стаўце «лайкі» пад іх статусамі і фотаздымкамі.
- Калі вы прыехалі ў госці да хрэсніка, запрасіце яго пайсці на св. Імшу.
- Пацікаўцеся, што хрэснікі ведаюць пра Хрыста і сваю веру.
- Імкніцеся заўсёды разам маліцца перад ежай, нават у публічных месцах.
- Спытайцеся, што больш за ўсё любіць хрэснік ў святкаванні Калядаў, Вялікадня, падчас посту, Адвэнту і г.д. Зрабіце нейкія крокі, каб энтузіязм дзіцяці не згас. Напрыклад, калі падабаецца пах кадзіла, падарыце свечку з такім водарам; калі падабаюцца нейкія асобныя радкі з Евангелля, падарыце іх яму на асобнай картцы ў рамцы.
- Маліцеся за сваіх хрэснікаў. Гэты пункт хоць і апошні, аднак самы важны. Нягледзячы на тое, бачыцеся вы штодня ці толькі раз на год. Маліцеся, каб вашы хрэснікі мелі цесныя адносіны з Богам!
Пераклад catholicnews.by з сайта credo.pro [2]