22 снежня: чацвёрты тыдзень Адвэнту

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог».

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю (Мц 1, 18–24).

Увесь перыяд Адвэнту нам спадарожнічаюць постаці са Святога Пісання. Мы мелі магчымасць паразважаць над постаццю Захарыі і Альжбеты, Яна Хрысціцеля, Марыі. А сёння Евангелле прапануе нам паразважаць над постаццю святога Юзафа, справядлівага і адказнага чалавека. “Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым” (Мц 1, 19). Ад яго мы паспрабуем навучыцца пакоры, адказнасці, якая вынікае з апекі да іншага, а таксама даверу Пану Богу.

Пакора.

Пакора, — гэта цнота, агульная для ўсіх постацяў, якіх мы спаткалі ў Літургіі Слова ў час Адвэнту. Цнота, якая ўвогуле належыць да святасці. Юзаф, будучы справядлівым, вельмі добра разумее сваю ролю ў святой сям’і. Ён ведае, што з’яўляецца простай прыладай Божай ласкі, разумее, што ён не “галоўны герой” у Божым плане збаўлення.  Ён з’яўляецца вельмі добрым прыкладам для ўсіх тых, хто ў Касцёле выконвае служэнне: ці святарскае,  ці свецкае. Ідэя заўсёды быць незаменным, з’яўляецца чымсці сапраўды вельмі  небяспечным, падобным да шашаля, які ўсё точыць, руйнуе. Кожны з нас павінен успрымаць самога сябе як таго, хто служыць іншаму, толькі ў пакорным служэнні іншаму праяўляецца сапраўднае хрысціянства.

Святы Юзаф далікатна і адначасова вельмі ясна прыгадвае нам пра гэта: не ганарыцца сваёю роляй, не глядзець на сябе, як на “галоўнага героя”, а быць простай прыладай ў руках Божых. Выконваць ў пакоры ўсё тое, што загадаў і чакае ад мяне Пан Бог. Дарэчы сам Хрыстус нам кажа: “Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць” (Лк 17, 10).

Адказнасць, якая вынікае з апекі да іншага.

Мы павінны глядзець на Юзафа як на бацьку, які вельмі добра разумее сваю адказнасць. Вялікая адказнаць быць бацькам Божага дару, якім з’яўляецца Езус. “Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў” (Мц 1, 20-21).

Мы заўсёды бачым святога Юзафа ўважлівым да Марыі і да Езуса. Бачым з якой апекай, любоў’ю і пашанай ён ставіцца да сваёй сям’і. Апека патрабуе адказнасці за іншае жыццё, за іншага чалавека, а адказнасць вынікае з дасведчанасці. Вельмі часта адсутнасць дасведчанасці з’яўляецца прычынай сямейнага крызісу. Шмат сем’яў адчуваюць вялікія цяжкасці менавіта з-за недастатковай сталасці, дасведчанасці, а гэта, у сваю чаргу, адлюстроўваецца на выхаванні дзяцей, на адказнасці за іх і за сям’ю. Гэтая адказнасць павінна быць характэрная і для тых, хто займаецца адукацыяй, а таксама для тых, хто займаецца іншай формай апекі.

Вельмі важна прыглядзецца да постаці святога Юзэфа, які без шматлікіх слоў і спрэчак, выконвае сваю місію. “Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана” (Мц 1, 24).

Давер Богу.

Вельмі часта, ад людзей мы чуем фразу: “Я веру ў Бога”. Дастаткова часта і мы, якія лічым сябе хрысціянамі, каталікамі, не задумаючыся яе паўтараем. І нам здаецца, што гэтым мы вызнаём нашую веру. Кажучы: “Я веру ў Бога”, мы нічым не адрозніваемся ад агульнай масы. Шмат хто верыць ў Бога, нават д’ябал.

Больш важным з’яўляецца давер Богу. Юзаф, перад праблемамі, з якімі сутыкнуўся і сутыкнецца ў будучыні, поўнасцю аддаеццца Божай волі, давяраецца Богу і кожны дзень свайго жыцця пацверджвае сваё “так”, разумеючы, што ён не “галоўная дзеячая асоба”, а прылада ў Божых руках. Поўны давер Богу вельмі яскрава праяўляецца ў ноч, калі нарадзіўся Езус; калі Юзаф вымушаны бегчы ў Егіпет, каб уратаваць Марыю і Езуса ад зайздрасці Ірада; калі ён разам з Марыяй ідзе шукаць дванаццацігадовага Езуса ў Ерузалем.

Прыгледзімся яшчэ раз да постаці святога Юзафа і навучымся ад яго пакоры, прастаты, адказнасці і даверу Богу.

Кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі