Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам (Лк 1, 39–45).
Марыя і Альжбета
Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам дзвюх жанчын — Марыю і Альжбету, у жыцці якіх здзейснілася неверагоднае, жанчын, якія чакалі нараджэння дзяцей, якія былі напоўненыя Святым Духам.
Бог учыніў у іх жыцці тое, што супярэчыць прыродзе, але тое, што ўваходзіла ў Яго планы.
Марыя даведаўшыся пра цяжарнасць сваячкі Альжбеты, паспяшыла да яе на дапамогу, бо тая была ўжо ў старым узросце. Марыя таксама ўжо цяжарная і нясе Хрыста пад сваім сэрцам у свет, не затрымлівае Яго толькі для сябе, а прыносіць Бога ў дом Захарыі.
Яна паспела толькі прывітаць Альжбету, а тая ўжо зразумела, што перад ёй стаіць Маці яе Пана, Маці Збаўцы. Альжбета называе яе благаслаўлёнай між жанчынамі і называе шчаслівай, бо паверыла словам Пана. Сустрэча Марыі і Альжбеты — гэта не толькі сустрэча гэтых дзвюх жанчын, але і першая сустрэча Хрыста з Янам Хрысціцелем, сустрэча Слова і голасу, які кліча ў пустыні.
Марыя не толькі паверыла, але і рэалізавала сваю веру ў жыцці. Яна становіцца прыкладам дзейснай веры, бо вера без учынкаў мёртвая. Таму задумаемся сёння, ці ўмеем мы сярод сваіх клопатаў, абавязкаў паспяшыць на дапамогу бліжняму? Прысутнасць Марыі ў доме Захарыі стала не толькі проста чалавечай падтрымкай, але прынесла супакой і напоўніла Альжбету Духам Святым, бо Бог быў з імі.
Што мы прыносім нашым блізкім, родным — радасць, шчасце, ці можа ствараем толькі новыя клопаты? Ці з’яўляемся мы прыкладам чалавека, які паверыў і нясе ў сабе Бога ў сваё акружэнне?
Кс. Іван Кароткін
для друку