18 кастрычніка маленькія вернікі Беларусі далучацца да акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы»

Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Яе мэта – папулярызаваць ружанцовую малітву сярод дзяцей і іх бацькоў, аб’яднаць свет перад абліччам праблем і крызісаў, якія ён сёння перажывае. У мінулым годзе акцыя сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў: больш за паўмільёна дзяцей з 136 краін свету – у тым ліку з Беларусі. Сёлета Беларусь таксама далучыцца да гэтай важнай сусветнай ініцыятывы.

“Не толькі ўсё яшчэ актуальны крызіс аховы здароўя зрабіў наш свет падобным да па-чалавечы невырашальнага клубка праблем. Голад, беднасць, карупцыя, войны і тэрор, вульгарызацыя чалавечага існавання і знішчэнне стварэння закранаюць жыцці незлічонай колькасці людзей. За гэтым усім крыецца паўсюдная сіла зла, якое імкнецца знішчыць боскі сусветны парадак і законы Бога. Таму нам як ніколі патрэбная даверлівая малітва чыстых, нявінных сэрцаў, дзяцей Марыі, адкрытых на Божую дапамогу і збаўленне для ўсяго света”, – адзначаюць кіраўнікі Фонда.

Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!

Малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца Ружанец” у Беларусі распачнецца 18 кастрычніка ў 18.00.

Арганізатары заахвочваюць ва ўсіх парафіях:

  • перад сустрэчай арганізаваць майстэрні і правесці там майстар-класы па стварэнні ружанцаў. Гэтыя ружанцы можна будзе падарыць дзецям пасля сустрэчы 18 кастрычніка;
  • арганізаваць групы дзяцей і бацькоў, якія будуць удзельнічаць у сустрэчы у цэнтрах дыяцэзій;
  • 18 кастрычніка ў 18.00 запрасіць вернікаў у касцёл, каб падключыцца да трансляцыі мерапрыемства і такім чынам далучыцца да супольнай, усебеларускай ружанцовай малітвы аб міры і супакоі;
  • арганізаваць прагляд трансляцыі – паклапаціцца пра патрэбнае аўдыя- і відэаабсталяванне (камп’ютар, праектар, калонкі і г.д.);
  • пажадана арганізаваць пачастунак і цёплую гарбату для прысутных;
  • заахвоціць усіх дзетак і бацькоў узяць з сабой свечкі ці ліхтарыкі.

Арганізацыйнай групай падрыхтаваныя дадатковыя друкаваныя матэрыялы: плакаты, улёткі і марыйны ружанцовы стыкерпак для прысутных на сустрэчы 18 кастрычніка дзетак – усе яны будуць дасланыя ў парафіі неўзабаве.

Адказныя асобы арганізоўваюць групы дзяцей і бацькоў у касцёлах у цэнтрах дыяцэзій (Гродна, Віцебск, Магілёў, Пінск, Мінск). Гэтыя групы яднаюцца анлайн і прымаюць непасрэдны ўдзел у малітве. Таксама будзе ісці агульная анлайн-трансляцыя мерапрыемства. Сустрэча мадэруецца з Мінска, з пляцоўкі ля Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра.

План мерапрыемства:

18.00 — спеў на ўступ (гурт Міхаэлькі і Ядзвіга Багдановіч)
18.03 — уступнае слова вядучага (кс. Аляксандр Шамрыцкі)
18.05 — кароткія вітанні групаў з кожнай дыяцэзіі (горад / 1 хв.)
18.10 — вітальнае слова біскупа ў Мінску (3 хв.)
18.13 — пачатак ружанцовай малітвы (Мінск)
18.16 — кароткае разважанне (1 хв., Мінск)
18.17 — першая таямніца (спяваная, Гродна)
18.23 — кароткае разважанне (1 хв., Мінск)
18.24 — другая таямніца (прамаўляецца, Віцебск)
18.28 — кароткае разважанне (1 хв., Мінск)
18.29 — трэцяя таямніца (прамаўляецца, Магілёў)
18.33 — кароткае разважанне (1 хв., Мінск)
18.34 — чацвёртая таямніца (прамаўляецца, Пінск)
18.38 — кароткае разважанне (1 хв., Мінск)
18.39 — пятая таямніца (спяваная, Мінск)
18:45 — малітва да святога Юзафа
18.46 — заключны спеў (Мая Беларусь)
18.49 — заключнае слова вядучага (2 хв.)
18.51 — заключнае слова біскупа ў Мінску і бласлаўленне (3 хв.)
18.55 — заканчэнне агульнабеларускай сустрэчы і анлайн-трансляцыі.

Запрашаем сем’і, парафіі, катэхетаў, настаўнікаў памаліцца 18 кастрычніка на ружанцы разам з дзецьмі ў інтэнцыі супакою і міру ў свеце. Фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” падрыхтаваў малітоўныя матэрыялы, якія можна выкарыстоўваць, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра ініцыятыву і зацікавіць дзяцей маліцца на ружанцы разам.

Як усё пачалося?

Упершыню малітоўнае чуванне дзяцей прайшло ў 2005 годзе ў сталіцы Венесуэлы Каракасе. Падчас ружанцовай малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы некалькі жанчын, якія былі разам з імі, адчулі глыбокую прысутнасць Панны Марыі. Адразу ж прыгадалася абяцанне Айца Піа: “Калі мільён дзяцей разам памоляцца Ружанцам, свет зменіцца”. І ў гэтым сутнасць кампаніі – верыць у моц дзіцячай малітвы. Сам Езус вучыць нас: “Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 18, 3).

З таго моманту да ініцыятывы далучыліся сотні тысяч дзяцей. З усяго свету плывуць шматлікія сведчанні, якія кажуць не толькі пра радасць дзяцей, што глыбока парушыла сэрцы прысутных разам з імі дарослых, але і пра дарослых, якія самі адчулі дзеянне Божай ласкі і зрабілі Ружанец трывалай часткай іх уласнага малітоўнага жыцця.

Чаму 18 кастрычніка?

Традыцыйна, кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца. Акрамя гэтага, 18 кастрычніка – Дзень святога Лукі Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай Маці Божай.

Значэнне Ружанца

Як пісаў Папа Ян Павел ІІ у лісце “Rosarium Virginis Mariae”, “адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). <…> Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, учыняе нас таксама будаўнікамі спакою ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб «маліцца заўсёды і не апускаць рук» (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай «барацьбе», якая вядзецца за мір.”

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі