Калі Езус прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу? Езус сказаў ім у адказ: Спытаюся і Я ў вас пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю. Адкуль быў Янаў хрост: з неба ці ад людзей?
Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: Калі скажам: з неба, дык Ён скажа нам: Чаму ж вы не паверылі яму? А калі скажам: ад людзей, баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам.
І, адказваючы Езусу, яны сказалі: Не ведаем. Тады і Ён сказаў ім: І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю (Мц 21, 23–27).
Атрымаць адказ ад Хрыста
Словы Хрыста прыцягвалі ўвагу многіх людзей, і гэта заўважылі старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, бо іх аўтарытэт у народзе падаў. Таму яны захацелі падлавіць Езуса на яго словах і асудзіць у парушэнні закону. І таму спыталіся: «Якою ўладаю Ты гэта робіш?»
Аднак жа, іх план не атрымаўся, бо яны самі папаліся ў тую ж самую пастку, якую падрыхтавалі для Езуса. Пытанне Хрыста пра хрост Яна паставіла іх у тупік — любы іх адказ мог пашкодзіць іх рэпутацыі, і хоць першасвятары і кніжнікі не прызнавалі Яна Хрысціцеля прарокам, на сваю карысць падманулі і сказалі, што не ведаюць.
«І Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта». Тыя людзі, якія былі добра знаёмыя са Святым Пісаннем, якія павінны былі быць прыкладам веры, не паверылі Яну Хрысціцелю, не прызналі ў Езусе Божага Сына, які над усім мае поўную ўладу. Яны толькі клапаціліся пра ўласны аўтарытэт.
Езус з’яўляецца Праўдай і нясе гэтую праўду ў свет. Аднак, Езус адкрываецца толькі тым, хто Яго шукае, давярае Яму і прагне пазнаць і прыняць Хрыста як Божага Сына, які мае ўладу і над нашым жыццём.
Мы часта звяртаемся да Бога з рознымі пытаннямі, але якога адказу мы чакаем? Таго, які будзе выгадны для нас, і які хочам прыпісаць Богу, ці ўсё ж такі той, які хоча нам даць сам Бог? Толькі той, хто знайшоў Хрыста і паверыў, атрымае ад Яго адказ на кожнае сваё пытанне.
Кс. Іван Кароткін
Евангелле сённяшняга дня прапануе нам паразважаць над двума аспектамі асобы Езуса: праніклівасцю і аўтарытэтам. Засяродзімся першапачаткова на праніклівасці Езуса: Ён добра ведае чалавечае сэрца, дасканала ўсведамляе, што адбываецца ўнутры кожнага, хто набліжаецца да Яго. Калі першасвятары і старэйшыны народу звяртаюцца да яго з непрыязным і злосным пытаннем: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу?» (Мц 21, 23), Езус, што ведае іх ілжывасць і крывадушнасць, адказвае ім таксама пытаннем: «Адкуль быў Янаў хрост: з неба ці ад людзей?»(Мц 21, 25). Яны не ведаюць, што адказаць Хрысту, — калі скажуць, што быў ад Бога, то запярэчаць самім сабе, не верылі яму, а калі скажуць, што ад людзей, то адкрыта вымушаны будуць уступіць у канфрантацыю з тлумамі тых, што лічылі Яна прарокам. Такім чынам яны трапілі ў тупік. Езус адным пытаннем спрытна выкрывае ілжывасць і падступнасць першасвятароў і старэйшын народу, указвае ім на праўду.
Касцёл і яго вернікі таксама сёння чуюць шмат пытанняў, скіраваных ад розных людзей, арганізацый, плыняў, рухаў і г.д. Гэта не заўсёды пытанні, адказы на якія, паглыбяць веды і скіруюць на дарогу праўды. Гэта нават не пытанні дзеля задавальнення элементарнай чалавечай цікаўнасці. Хутчэй гэта прадуманыя хлуслівыя правакацыі, сфармуляваныя апанентамі і крытыканамі Касцёла і вернікаў, каб запярэчыць Божым Запаведзям, падарваць аўтарытэт, навучанне і веру, разбурыць і знішчыць хрысціянскія каштоўнасці. Так часта сучасныя фарысеі выкарыстоўваюць усю сваю хітрасць, кемлівасць і спрытнасць для дасягнення сваёй мэты, у той жа час мы, хрысціяне, павінны выкарыстоўваць усе свае таленты і веды, каб абараніць у сучасным свеце праўду.
Аўтарытэт Хрыста ў дадзеным здарэнні, пра што апавядае сённяшняе Евангелле, палягае на дасканалых ведах пра людзей і сітуацыю. Езус не толькі ведае крывадушнасць першасвятароў і старэйшын народу, Ён дасканала ўсведамляе іх мэты і намеры. Персанажы сённяшняга Евангелля не хацелі пачуць словы Хрыста і Яго адказу на пытанне, жадалі Яго скампраметаваць і высмеяць. Езус не адказвае на пытанні людзей, якія не шукаюць праўды. Бог гаворыць з людзьмі і праз людзей веры.
Вера — гэта ласка, дадзеная тым, хто шчыра шукае праўду і адкрыты на яе. Толькі здольнасць прыняць веру прымушае Бога даць адказ на пастаўленыя пытанні. Просім Бога аб узмацненні нашай веры і моцы супрацьстаяння злому ў праўдзе.
кс. Сяргей Сурыновіч
для друку