Самыя розныя арганізацыі і ўстановы падкрэсліваюць у сваіх справаздачах значнае пагаршэнне сітуацыі са свабодай веравызнання ў свеце. Паводле іх, ва ўмовах рэлігійнай несвабоды жывуць 5,4 мільярда чалавек, а найбольш ад гэтага церпяць хрысціяне.
Права, а не прывілей
Напрыканцы 2025 года міжнародная каталіцкая арганізацыя “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” прадставіла справаздачу датычна рэлігійнай свабоды ў свеце за перыяд 2023-2024 гадоў. Паводле яе, свабода веравызнання – гэта права чалавека, замацаванае ў артыкуле 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а не прывілей. І калі свабода веравызнання адмаўляецца аднаму, то яна патэнцыйна можа быць адмаўляцца ўсім.
Аўтары падкрэсліваюць, што перыяд 2023-2024 гадоў быў адзначаны паглыбленнем глабальных узрушэнняў – геапалітычнымі канфліктамі, вяртаннем аўтарытарных рэжымаў, ростам няроўнасці і павольным разбурэннем дэмакратычных нормаў, што ў рэшце закранула і свабоду сумлення. Яны заклікаюць усіх “узняць свой голас, каб запатрабаваць тэрміновай абароны свабоды веравызнання і сумлення ва ўсім свеце”.
Дакумент дзеліць краіны свету на чатыры катэгорыі ў залежнасці ад сур’ёзнасці парушэнняў свабоды веравызнання. Напрыклад,
62 дзяржавы класіфікуюцца як краіны, дзе адбываюцца рэлігійныя пераследы або дыскрымінацыя. У сукупнасці ў іх пражывае каля 5,4 мільярда чалавек, або 64,7 % насельніцтва свету.
Гэта азначае, фактычна дзве з кожных трох асобаў у свеце жывуць у краінах, дзе рэлігійная свабода сурʼёзна абмежаваная.
24 дзяржавы класіфікуюцца як краіны, дзе адбываецца рэлігійны пераслед. Агулам тут жыве каля 4,1 мільярда чалавек. У Афганістане, Бангладэш, Лівіі, на Мальдывах, у Нігерыі, Пакістане, Судане і Емене пераслед ёсць вынікам спалучэння аўтарытарнага кіравання і рэлігійнага экстрэмізму. У Кітаі, Эрытрэі, Іране, Нікарагуа, Паўночнай Карэі, Саудаўскай Аравіі і Туркменістане ён перадусім абумоўлены аўтарытарным дзяржаўным кантролем. А ў Буркіна-Фасо, Камеруне, Малі, Нігеры, Самалі, Мазамбіку і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга пакутуюць ад рэлігійнага экстрэмізму. Нарэшце, у Індыі і Мʼянме ў аснове пераважных формаў пераследаў ляжыць спалучэнне аўтарытарызму і этнарэлігійнага нацыяналізму.
Яшчэ 38 краін пазначаныя як тыя, што ўжываюць рэлігійную дыскрымінацыю. Разам у гэтых краінах жыве каля 1,3 мільярда чалавек. Тут рэлігійныя меншасці хоць і не падвяргаюцца наўпроставаму пераследу, але шмат хто з іх сутыкаецца з сістэматычнай дыскрымінацыяй, як, напрыклад, абмежаваны доступ да месцаў культу, абмежаванне свабоды веравызнання або няроўнае прававое стаўленне. У 24 краінах у якасці прычынаў гэтага дамінуе аўтарытарызм. Гэта перадусім Алжыр, Малайзія, Венесуэла і Турцыя, дзе дзяржаўны кантроль абмяжоўвае рэлігійны плюралізм. У Чадзе дыскрымінацыя абумоўленая рэлігійным экстрэмізмам, а на Гаіці і ў Мексіцы яна звязаная з арганізаванай злачыннасцю. Этнарэлігійны нацыяналізм ёсць асноўнай прычынай парушэнняў правоў у Непале. У 10 іншых краінах дыскрымінацыя сталася вынікам спалучэння фактараў. Гэтак, у Егіпце, Іарданіі, Іраку, Кувейце, Амане, Сірыі і Тайландзе спалучаныя аўтарытарнае кіраванне і рэлігійны экстрэмізм. У Ізраілі і Палесціне падрываюць свабоду веравызнання этнарэлігійны нацыяналізм і экстрэмізм. У Шры-Ланцы дыскрымінацыя вынікае як з аўтарытарызму, так і з этнарэлігійнага нацыяналізму.
Яшчэ 24 краіны трапілі ў катэгорыю “пад назіраннем”. Гэта Чылі, Інданезія, Кенія, Беларусь ды іншыя, дзе пражывае больш за 750 мільёнаў чалавек – каля 9,3% насельніцтва свету. Паводле агляду, цяпер у краінах з гэтага спісу “не назіраецца значных пераследаў або дыскрымінацыі, але яны дэманструюць раннія трывожныя прыкметы, такія, як рост аўтарытарызму, паслабленне прававых гарантыяў або рост рэлігійнай нецярплівасці”. А таму патрабуюць “уважлівага маніторынгу і прэвентыўных захадаў”. Пры гэтым, Мексіка, Расія і Украіна, якія раней знаходзіліся “пад назіраннем” у 2023 годзе, цяпер перайшлі ў катэгорыю “дыскрымінацыя”, што падкрэслівае пагаршэнне сітуацыі са свабодай веравызнання.
Рэшта краін лічыцца адпаведнай патрабаванням рэлігійнай свабоды, не дэманструючы істотных парушэнняў і ў цэлым выконваючы міжнародныя стандарты свабоды рэлігіі або перакананняў.
Катастрофа ў Нігерыі
У дакладзе Камісіі ЗША па рэлігійнай свабодзе (USCIRF) у якасці найбольш небяспечнага прыкладу парушэнняў свабоды веравызнання прыводзіцца Нігерыя, якая “сутыкнулася з жахлівым крызісам рэлігійнага гвалту” і дзе з 2009 года мэтанакіравана было забіта каля 53 000 мірных жыхароў. У тым ліку летась зафіксаваныя выпадкі масавых забойстваў і выкраданняў на рэлігійнай глебе. “Катастрофа стала вынікам смяротнага збегу абставінаў: рэлігійна матываванага экстрэмісцкага гвалту; эканамічнай і этнічнай напружанасці, якая доўгі час заставалася па-за ўвагай, разбуральных законаў аб блюзнерстве на ўзроўні штатаў і шматгадовай неадэкватнай рэакцыі і паўсюднай карупцыі з боку нігерыйскага ўраду. У сукупнасці гэтыя фактары стварылі атмасферу нястрымнага страху і бескантрольных рэлігійных нападаў, выкраданняў школьнікаў і забойстваў”, – гаворыцца ў справаздачы.
Дакумент адзначае пагаршэнне сітуацыі з рэлігійнымі правамі і свабодамі за мінулы год і ў іншых краінах. Напрыклад, у Сірыі пры папушчальніцтве новых уладаў адбываліся масавыя расправы і тэракты супраць рэлігійных меншасцяў – алавітаў і хрысціян. Гаворыцца пра рэлігійны гвалт у краінах Афрыкі і Блізкага Усходу. Адзначаюцца маштабныя рэпрэсіі супраць пратэстанцкіх хрысціянскіх хатніх цэркваў у Кітаі, антымусульманскія настроі і пераследы ў Еўропе і Паўднёвай Азіі, узмацненне жорсткасці рэлігійнага заканадаўства ў Кыргызстане, рэпрэсіі супраць рэлігійных суполак і духавенства на Кубе, у Нікарагуа і Венесуэле.
50 найбольш небяспечных краін для хрысціян
Міжканфесійная праваабарончая хрысціянская арганізацыя Open Doors у сваёй справаздачы за 2025 год звяртае ўвагу менавіта на пераслед хрысціянаў. Яна адзначае, што больш як 388 мільёнаў хрысціянаў свету сутыкаюцца з высокім узроўнем пераследу і дыскрымінацыі за сваю веру. Летась у свеце праз сваю хрысціянскую ідэнтычнасць былі забітыя 4849 асобаў, з іх найбольш – у Нігерыі, 3490 асобаў. Да таго ж гвалт з боку баевікоў у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары спрычыніўся да перамяшчэння яшчэ большай колькасці асобаў, бо нацыянальныя ўрады не здолелі абараніць сваіх грамадзянаў.
У галоўны пералік паводле ўзроўню пераследу хрысціянаў увайшлі 50 краінаў Амерыкі, Афрыкі і Азіі. Найгоршымі названыя КНДР, Самалі, Емен, Судан і Эрытрэя.
З постсавецкіх краінаў у спіс трапілі Казахстан, Кыргызстан, Туркменістан, Таджыкістан і Узбекістан.
Open Doors піша, што хрысціянаў пераследуюць як на рэлігійнай глебе (найперш мусульмане), гэтак і праз этнічныя канфлікты і рэлігійны нацыяналізм, ціск з боку ўладаў або наркакартэляў. Open Doors таксама фіксуе мэтанакіраваныя напады на хрысціянскіх лідараў у многіх краінах. Пры гэтым у тых краінах, дзе хрысціяне складаюць большасць, хрысціянскія лідары могуць стаць мішэнню або з боку аўтарытарнай дзяржавы (як Нікарагуа), што імкнецца здушыць іншадумства, або з боку ўзброеных груп, якія імкнуцца да кантролю (як у Калумбіі). “Тэмай, што паўтараецца раз за разам, стаў пераслед нованавернутых. Семʼі, супольнасці ды мясцовыя і нацыянальныя ўлады чыняць асаблівы ціск на нованавернутых хрысціянаў, каб прымусіць іх вярнуцца да сваёй першапачатковай веры. Нованавернутыя жанчыны, напрыклад, могуць зазнаваць хатні гвалт або турэмнае зняволенне, а мясцовыя і нацыянальныя ўрады часам забараняюць навяртанне ў іншую веру”, – гаворыцца ў справаздачы. А забароны вернікам збірацца разам ці пазбаўленне іх такой магчымасці ўладамі (напрыклад, у Алжыры ды Кітаі), прыводзяць хрысціянаў да ізаляцыі.
Шмат дзе хрысціяне церпяць у выніку розных вайсковых канфліктаў. А ў некаторых рэгіёнах свету даўняя прысутнасць хрысціянскай царквы знаходзіцца пад уразлівай пагрозай. Найбольш яскравым прыкладам тут ёсць Сірыя, якая зноў увайшла ў першую дзясятку з прычыны росту гвалту ў дачыненні хрысціянаў.
Непрыкметны пераслед
3 сакавіка, падчас 61-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе, Пастаянны назіральнік Святога Пасада арцыбіскуп Этарэ Балестрэра адзначыў, што ў 2025 годзе за веру было забіта амаль пяць тысяч чалавек, у сярэднім 13 чалавек у дзень.
Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што гэта бедства закранае ўсе краіны. Паводле справаздачы АБСЕ, у 2024 годзе ў Еўропе было зарэгістравана больш за 760 злачынстваў на глебе нянавісці, уключаючы фізічныя напады, забойствы, вандалізм, апаганьванне могілак і падпалы храмаў.
Паводле яго, пераслед можа мець і больш скрытую форму, якая нялёгка паддаецца статыстычнаму ўліку. У некаторых краінах хрысціяне могуць сутыкацца з паступовай маргіналізацыяй і выцісканнем з грамадскага жыцця або з абмежаваннямі ў выказванні сваіх рэлігійных перакананняў. У якасці прыкладаў іерарх прывёў судовыя пераследы за маўклівую малітву каля месцаў выканання абортаў, цытаванне біблійнага верша па сацыяльных пытаннях, забарону бацькам ці настаўнікам чытаць Біблію дзіцяці ці вучню і іншыя.
Дыпламат скончыў прамову словамі Францішка пра тое, што без свабоды рэлігіі, думкі, слова і павагі да поглядаў іншых немагчыма дасягнуць сапраўднага міру.
Мечыслаў Гапановіч
