У нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана Касцёл адзначае свята Хросту Пана, якім па традыцыі завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Cёлета свята прыпадае на 12 студзеня.
У Евангеллі паводле Мацвея апавядаецца, што Езус прыйшоў з Галілеі над Іарданам да св. Яна, каб прыняць хрост ад яго. Але Ян спыніў Езуса, прамовіўшы: “Гэта мне трэба хрысціцца ад Цябе”. Аднак Езус хацеў выканаць усё тое, што было справядліва. Калі Езус выйшаў з вады, нябёсы адкрыліся і Дух Святы ў абліччы голуба сышоў на Яго, а голас з неба прамовіў: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (пар. Лк 3, 21–22).
Падзея Хросту Езуса стала таксама першым у гісторыі выпадкам аб’яўлення ўсёй Святой Тройцы ў бачных постацях (трынітарная эпіфанія), калі Бог Айцец прамаўляе, Сын Божы існуе ў чалавечай постаці, а Дух Святы з’яўляецца ў абліччы голуба.
У гэты дзень у касцёлах адбываецца бласлаўленне вады.