[1]Спіс вялікіх людзей Еўропы немагчыма ўявіць без духоўных асобаў. Бэнэдыкт з Нурсіі – святар, манах і абат – нездарма названы патрыярхам манаскага жыцця на хрысціянскім Захадзе. Менавіта “Рэгула жыцця св. Бэнэдыкта” да сённяшняга дня, гэта значыць, ужо больш за 1500 гадоў, з’яўляецца жыццёвым правілам для тысяч манахаў.
Бэнэдыкт – нашчадак аднаго з багатых і знакамітых родаў Італіі. Ужо з маладосці ён шукаў блізкасці з Богам. Распачаў жыццё пустэльніка, быў запрошаны ўзначаліць манаскую супольнасць. За сваю строгасць ледзьве не заплаціў жыццём: браты хацелі яго атруціць. Зноў вярнуўся ў пустэльню і з часам стаў духоўным настаўнікам для шматлікіх вучняў, з якімі заснаваў вядомы да сённяшняга дня кляштар Монтэ Касіна.
Па сутнасці св. Бэнэдыкт не заснаваў супольнасць як такую. Кожны бэнэдыктынскі кляштар незалежны, хоць і ўваходзіць у саюз кляштараў. “Рэгула” ва ўсіх адна, але традыцыя яе разумення і выкарыстання на практыцы можа адрознівацца.
Бэнэдыкт сваю “Рэгулу” звёў да кароткага дэвізу: “ora et labora”–“маліся і працуй”. Жыццё ў кляштары дзялілася на тры амаль што роўныя часткі – малітва, праца, адпачынак. Пад словам “праца” разумелі як фізічны складнік, так і інтэлектуальны. Менавіта любоў да фізічнай працы дазволіла кляштарам з часам стаць цэнтрамі перадавога вядзення сельскай гаспадаркі. Асабліва славіліся бэнэдыктынскія абацтвы пчалярствам і развядзеннем рыбы.
Сваімі ведамі манахі дзяліліся з іншымі. Інтэлектуальная праца зрабіла манастыры культурна-духоўнымі цэнтрамі ўсёй Еўропы. Манахі прыдумалі новы спосаб пісьма – мінускулу, які прыйшоў на змену гатычным завітушкам і зрабіў тэкст больш чытальным. Традыцыя перапісвання духоўнай, а пазней таксама і вартай свецкай літаратуры паспрыяла стварэнню манастырскіх бібліятэк. Вядома, пры адсутнасці інтэрнэту менавіта бібліятэкі былі месцам, дзе атрымлівалі адукацыю шматлікія мысляры і багасловы Касцёла.
Сённяшняя Еўропа, якая так імкнецца падкрэсліць сваю свецкасць і незалежнасць ад рэлігійнага пачатку, абсалютна незразумелая, пустая, неадукаваная без спадчыны св. Бэнэдыкта і яго духоўных сыноў.
Святы Бэнэдыкт паміраў гэтаксама, як і жыў, – актыўна. Прадчуваючы надыход сваёй апошняй зямной хвіліны, ён папрасіў братоў падняць яго з ложка. Трымаючыся на нагах пры падтрымцы братоў, Бэнэдыкт падняў рукі, пачаў чытаць псальм і так, у малітве праслаўлення, увайшоў у Божае Валадарства.
Айцец Андрэй Сідаровіч, марыянін