- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

10 цытат св. Паўла ад Крыжа для тых, хто хоча ісці шляхам святасці

[1]Святы Павел ад Крыжа, заснавальнік супольнасці Мукі Езуса Хрыста (пасіяністаў), успамін якога адзначалі 19 кастрычніка, вылучаўся не толькі глыбокім духоўным жыццём і асабістай святасцю, але і нястомнай працай на ніве Пана. Менавіта за гэтыя заслугі яго празвалі Божым паляўнічым на душы.

Святы Павел быў мужным і палымяным прапаведнікам, які не саромеўся абвяшчаць Езуса басанож, у чорным габіце, сярод натоўпу людзей – і варта разумець, што гэта адбылося ў XVIII стагоддзі, у часы росквіту атэізму, секулярызму, гуманістычных кірункаў філасофіі і абвяшчэння поўнай свабоды ад «устарэлай» маралі. Ён не пабаяўся выйсці на шум гэтага бязбожнага грамадскага свята, каб выратаваць душы для Бога — і праз усё жыццё падвяргаў сябе жорсткаму аскетызму, адкупляючы чужыя грахі.

Вось словы мудрасці святога Паўла, у якіх сёння маем патрэбу не менш, чым мелі патрэбу людзі так званай «эпохі асветы».

  1. «Душа — гэта зерне, якое Бог сее на ніве Касцёла; каб прынесці плён, яна павінна спачатку памерці пад ударамі болю, смутку, супярэчнасцей і пераследу».
  2. «Будзем баяцца быць пазбаўленымі пакут, нават больш, чым скупы баіцца страціць свае скарбы».
  3. «Пакуты кароткія; радасць будзе вечнай».
  4. «Крыж — гэта шлях да Неба, але толькі тады, калі нясеш яго добраахвотна».
  5. «Глядзі, каб захаваць мір у сэрцы тваім, таму што сатана закідвае сеткі ў каламутнай вадзе».
  6. «Кажу вам: [сапраўдная] перамога заключаецца ў перамозе над сабой. Гэта наш самы вялікі вораг».
  7. «Вы ведаеце, чаму Бог пасылае вам столькі пакут? Каб даць вам нябеснае багацце».
  8. «Калі вы адчуваеце прыступ лютасці і гневу, значыць, настаў час маўчаць, як маўчаў Езус сярод свайго прыніжэння і пакут».
  9. «Калі крупінка недасканаласці прыліпла да вашага сэрца, не хвалюйцеся, а неадкладна спаліце ​​яе ў агні Божай любові і, з жалем просячы прабачэння, працягвайце жыць у супакоі».
  10. «Я б палічыў сябе праклятым, калі б скраў у Бога хоць адзін атам Яго славы. Я лічыў бы сябе горшым за Люцыфера, калі б меў на ўвазе што-небудзь, акрамя Бога».

Паводле  credo.pro [2]
Пераклад Марыны Сінкевіч