Зварот каталіцкіх біскупаў у Беларусі ў сувязі са складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
дарагія вернікі і ўсе людзі добрай волі!

Вось ужо некалькі дзён у нашай Бацькаўшчыне працягваюцца сутыкненні паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі сілавых структур. Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве напружанасць. У выніку актыўнага супрацьстаяння пралілася кроў і ёсць шмат пацярпелых як фізічна, так і маральна. Многія з іх — гэта мірныя і нявінныя людзі рознага ўзросту.

Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, асуджаем кожны акт насілля, які брат здзяйсняе супраць брата, і таму яшчэ раз заклікаем спыніць непатрэбную агрэсію і распачаць дыялог дзеля дабра чалавека і ўсяго нашага грамадства.

Як веруючыя людзі мы разумеем нашую абмежаванасць. Таму, ўзгадваючы словы нашага Збаўцы Езуса Хрыста: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11,28), запрашаем католікаў Беларусі далучыцца да штодзённай малітвы ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і ўсяго народа.

У сувязі з гэтым заклікаем:

  1. 16 жніўня ва ўсіх парафіях цэлебраваць святую Імшу ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і яе народа і такім чынам правесці агульнабеларускую Эўхарыстычную малітву.
  2. Падчас кожнай святой Імшы ў малітве вернікаў дадаць спецыяльны заклік за нашу краіну.
  3. У парафіях арганізаваць штодзённую агульнабеларускую адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны, яе народа і мірнага завяршэння канфлікту. Час правядзення адарацыі вызначае пробашч паводле разважлівага меркавання.
  4. Штодзённа на завяршэнне адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшы маліцца адмысловай малітвай. Можна выкарыстаць наступны тэкст:

Малітва за Айчыну
(паводле святога Яна Паўла ІІ)

Маці Божая, Каралева Беларусі, дзякуючы за Тваю Мацярынскую апеку, давяраем Табе нашу Айчыну, нашу сучаснасць і будучыню. Няхай імкненне да супольнага дабра перамагае эгаізм і падзелы. Няхай усе, хто кіруе нашай краінай, бачаць у Табе пакорную Слугу Езуса Хрыста і вучацца служыць і распазнаваць патрэбы сваіх грамадзянаў, каб Беларусь магла стаць валадарствам любові, праўды, справядлівасці і супакою, дзе шануецца Імя Твайго Сына і годнасць кожнага чалавека.

Маці Адзінароднага Божага Сына, які даў нам новую запаведзь любові як галоўны прынцып жыцця, выпрасі, каб мы сталі руплівымі будаўнікамі салідарнага свету, у якім любоў ператварае ўзброеныя канфлікты ў супакой, а цывілізацыю смерці — у цывілізацыю жыцця.

Няхай наш народ заўсёды будзе верным Богу — Валадару ўсяго свету.

Маці еднасці і супакою, умацоўвай супольнасць Касцёла Твайго Сына, дапамажы, каб усе хрысціяне моцаю Духа Святога сталіся адною сям’ёю сясцёр і братоў Езуса Хрыста, адзінага Збаўцы свету — учора, сёння і навекі.

О ласкавая, о літасцівая, о наймілейшая Панна Марыя, прымі наш давер, умацоўвай яго ў нашых сэрцах і складзі перад Абліччам Бога, у Тройцы Святой Адзінага, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

***

Усіх, хто далучаецца да малітвы ў інтэнцыі нашай умілаванай Беларусі і яе народа, даручаем пад апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, Сталіцы Мудрасці і Каралевы Супакою, і ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Каталіцкія Біскупы Беларусі, catholic.by

Мінск,13 жніўня 2020 г.

Версія для друку ТУТ>>>

для друку для друку