Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі са стаўбцоўскай трагедыяй

“Шукаючы прычыны падобных трагедый, недастаткова засяроджвацца толькі на сацыяльных прычынах ці сямейных абставінах, у тым ліку на сямейным гвалце, супраць якога Касцёл быў і застаецца”, — піша арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце з нагоды трагедыі, якая 11 лютага адбылася ў Стоўбцах.

Зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, з нагоды стаўбцоўскай трагедыі

Quo vadis Belarus? — Куды ідзеш, Беларусь?

11 лютага 2019 года, калі Каталіцкі Касцёл у літургічны ўспамін Маці Божай Люрдскай адзначае Дзень хворых, у стаўбцоўскай школе №2 здарылася трагедыя — навучэнец 10 класа нажом забіў настаўніцу і аднаго вучня і моцна параніў яшчэ дваіх школьнікаў.

Мы пытаемся ў сябе: як такое магло здарыцца ў спакойнай і памяркоўнай Беларусі? Як хлопец, якога характарызуюць як неканфліктнага, мог здзейсніць такое жудаснае злачынства? Хто ў гэтым вінаваты?

Спадзяемся, што з часам следчыя органы выявяць матывы трагедыі. Сёння, аднак, такая складаная сітуацыя змушае нас засяродзіцца над духоўнымі прычынамі таго, што здарылася ў Стоўбцах.

Яшчэ зусім нядаўна мы дзівіліся таму, што ў амерыканскіх школах, супермаркетах і вуліцах страляюць, забіваюць і калечаць людзей, у тым ліку і дзяцей. Але падобная практыка становіцца рэальнасцю жыцця мірнай Беларусі. Сродкі масавай інфармацыі ўсё часцей паведамляюць аб рознага роду злачынствах, здзейсненых у нашым грамадстве: маці выкідвае на сметнік немаўлятка, сын забівае бацькоў, малады чалавек з бензапілой нападае на жанчыну ў гандлёвым цэнтры. Цяпер трагедыя ў стаўбцоўскай школе…

Шукаючы прычыны гэтых і падобных трагедый, недастаткова засяроджвацца толькі на сацыяльных прычынах ці сямейных абставінах, у тым ліку на сямейным гвалце, супраць якога Касцёл быў і застаецца. На наш погляд, прычына больш глыбокая.

Тры пакаленні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцця — Евангелля і вучэння Касцёла.

За апошнія тры дзесяцігоддзі сітуацыя змянілася, але не настолькі, каб максімальна спрыяць сапраўднаму духоўнаму адраджэнню.

На якіх асноватворных прынцыпах выхоўваецца сёння моладзь, на выхаванне якой найбольшы ўплыў маюць не сям’я і школа, а Інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі? Што там бачаць дзеці? Найчасцей гвалт, забойствы, алкаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцця і т.п.

Сёння мы молімся аб Божай міласэрнасці для нявінна загінулых і выздараўленні для параненых, а таксама спачуваем іх блізкім і знаёмым.

Разам з тым, калі мы шукаем прычыны гэтай жудаснай трагедыі, то перадусім павінны звярнуць увагу звярнуць на праблему духоўнага выхавання маладога чалавека. Гэта той падмурак, на якім павінна будавацца будучыня моладзі, як будучыня нашай Бацькаўшчыны.

Без падмурку нельга збудаваць дома. Такая будова падобна да дома, збудаванага на пяску, які змыюць патокі вады і разбураць вятры, як кажа Хрыстус. Без духоўнага падмурку няма будучыні.

У такой складанай сітуацыі мы павінны задацца пытаннем: “Quo vadis, Belarus? — Куды ідзеш, Беларусь?”

Звяртаюся з ім да ўсіх людзей добрай волі, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, а таксама да ўладаў нашай Бацькаўшчыны. Учынім усё магчымае для належнага здаровага выхавання маладога пакалення на духоўных каштоўнасцях з мэтай дасягнення шчаслівай будучыні нашай краіны.

Няхай нас усіх у гэтым благаславіць Бог і дапамагае Марыя — нябесная Апякунка Беларусі.

Мінск, 11 лютага 2019 г.

Catholic.by 
Фота Аляксандры Шчыглінскай

для друку для друку