«Зразумець істоту сакраманта святарства да канца немагчыма»: Імша Вячэры Панскай у Глыбокім

glybokae_vialiki_czacver17Вялікі Чацвер – гэта дзень, калі Пан Езус падчас Апошняй Вячэры ўстанавіў два сакраманты: святарства і Эўхарыстыі. У гэты дзень у кожным касцёле адбываецца ўрачыстая святая Імша Вячэры Панскай. У нашай парафіі, як і штогод, Літургія распачалася словамі віншавання, скіраванымі да святароў.

У гаміліі кс. Віктар Місевіч разважаў пра «таямнічы» сакрамант святарства, для якога аднаго розуму недастаткова.

«Толькі сэрцам можна ўбачыць тое, што прагнем, тое, што з’яўляецца істотай, нябачнай для вачэй» — працытаваў святар выказванне з твора «Маленькі прынц» Антуана дэ Сент-Экзюперы. — Мы ведаем, што ёсць каханне, але мы гэтага не бачым вачыма, ведаем што есць натхненне,але мы гэтага не бачым. Музыка таксама ёсць, але зноў жа яе не бачым, толькі чуем. Эўхарыстыя таксама ёсць і каб зразумець істоту, канешне не да канца, але крыху, трэба адчыніць і ачысціць сваё сэрца, а не толькі розум. Эўхарыстыя нам патрэбна каб мець вечнае жыццё. Езус падкрэслівае: — Той, хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, будзе жыць вечна.»

Сёння ў Евангеллі таксама пачулі пра абмыццё ног. Езус служыць сваім апосталам. «Службай з’яўляецца таксама і святарства. Зразумець істоту сакраманта святарства да канца немагчыма. Ён заўсёды будзе для нас таямніцай», — прагучалі словы кс. Віктара.

На заканчэнне святой Эўхарыстыі, Цела Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце было перанесена з галоўнага алтара ў Цямніцу, дзе будзе знаходзіцца да Вялікай Пятніцы, каб кожны парафіянін меў магчымасць адараваць Езуса хоць некаторы час.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку