- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Зрабіце крок да святасці!»: урачыстасць Усіх Святых у Глыбокім

glybokaje_1-listapada_11 [1]1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых, дзе ўзгадваюць не толькі тых, хто быў афіцыйна абвешчаны святым або блаславёным, але і невядомых нам святых.

На самым пачатку Эўхарыстыі ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім пробашч Мікалай Ціхановіч павіншаваў усіх прысутных вернікаў з імянінамі, бо кожны вернік мае свайго Нябеснага Заступніка, якога сёння ўзгадваем. Падчас св. Імшы святар маліўся, каб Дух Святы зрабіў “рэвалюцыю” нашым душам, каб страсянуў кожнага міласцю сваёй, распаліў голад Слова Божага і абудзіў ад сну.

Падчас гаміліі было разважанне на тэму святасці. Кс. Мікалай нагадаў, што святыя – гэта тыя, якія прайшлі шляхам Евангелля. “ Чаму свет дрэнны вакол нас? Таму што мы, хрысціяне, не выконваем сваёй місіі, часам баімся святасці. Мы пакліканыя да святасці і Бог даў нам ласку, каб гэтым шляхам ісці.

Святы Павел кажа: “Бог ёсць Дух, дзе Дух — там свабода. Той, хто жыве Духам Божым, той свабодны”. Людзі навокал становяцца рабамі наркаманіі, тытуню, сексу, грошай. Святы ж чалавек — гэта чалавек свабодны, бо ён пачынае слухаць Бога. Мы павінны ўглядацца ў Хрыста, бо Ён вобраз Божы. А д’ябал робіць чалавека абыякавым да ўсяго і ўсіх.

glybokaje_1-listapada_13 [2]

Наш розум павінен быць падпарадкаваны веры. Каб стаць святым трэба паверыць у Слова Божае. Наша воля павінна быць падпарадкавана волі Божай. Не бойцеся святасці! Вы павінны шмат сіл прыкласці, гэта вялікая праца душы. Бог хоча, каб мы размаўлялі з Ім сэрцам, душой, розумам, былі “жывымі”, а не толькі прыйшлі ў святыню, паставілі свечку, склалі ахвяру, адгаварылі ружанец і ўсё.

Памятай, пакуль не адкрыеш свае сэрца на Бога — не адчуеш святасці!” – залікаў святар.

Пасля ўрачыстай св. Імшы вернікі разам са святарамі і законнымі сёстрамі пайшлі працэсіяй на гарадскія могілкі, дзе адбылася малітва і асвячэнне.

glybokaje_1-listapada_09 [3]

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота