Зоя Булах з Кардона распавядае пра свой крыж

Каталіцкая супольнасць у Кардоне хаця і не з’яўляецца самастойнай парафіяй, але тут кожную нядзелю адбываецца святая Імша.

Каб адправіць Імшу, сюды прыязджае ксёндз Аляксандр Півавар з Бешанковічаў. А самой капліцай апякуецца Зоя Булах, жыхарка Кардона. І хаця спадарыні Зоі ўжо восемдзесят гадоў, яе энергіі можа пазайздросціць шмат хто з маладых. “Гэта мая правая рука тут, у Кардоне,” – кажа пра яе ксёндз Аляксандр.

Яна і рамонтам у капліцы займаецца, і тэрыторыю вакол яе ў парадку трымае. Вядома ж, парафіяне ёй дапамагаюць, хто працай, хто грашыма, але ўсё ж большасць спраў трымаецца на ёй. Вось і зараз спадарыня Зоя пытаецца ў пробашча, калі ён прывязе ёй фігурку Маці Божай. “А то ў капліцу не пушчу,” – жартуе яна.

Капліца носіць тытул Маці Божай Будслаўскай, а такіх фігурак няма. Таму пробашч прапануе прывесці ў Кардон фігурку Маці Божай Фацімскай. А спадарыня Зоя паказвае, якой вышыні яна павінна быць.

Год таму ў Кардоне здарылася бяда – нейкія зламыснікі ноччу спілавалі крыж каля капліцы. Цэлы год каталіцкая супольнасць жыла без крыжа. І вось у гэтым годзе дзякуючы Зоі Булах, яе ўнуку Віталю Васёху, а таксама дапамозе ўсіх вернікаў паўстаў новы дубовы крыж. Асаблівую падзяку спадарыня Зоя выказвае свайму ўнуку Віталю, які шмат уклаў у гэта і сваёй працы, і сваіх сродкаў.

А ксёндз Аляксандр адзначае сярод іншага не толькі моцную веру жыхароў Кардона, але і іх своеасаблівы патрыятызм: “Яны лічаць сябе не жыхарамі райцэнтра Шуміліна або суседняга большага Мікалаева, а менавіта жыхарамі Кардона. Гэта і старэйшыя людзі, і моладзь.”

А яшчэ ксёндз з парафіянамі ганарацца тым, што атрымалі блаславенне ад Папы Францішка.

Сама ж Зоя Булах кажа, што і надалей будзе несці свой крыж па жыцці. Што ж, жадаем моцнага здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця, бо тут у Кардоне вельмі патрэбная яе прысутнасць.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Леанід Юрык, фота і відэа

для друку для друку