Знайсці час для Бога

Знайсці час для Бога… Здаецца, гэта бадай што самая простая рэч, якую можа зрабіць у сваім жыцці кожны чалавек-хрысціянін. Але ці, напэўна, кожны? Каб знайсці час для Бога, не трэба рабіць чаго-небудзь асаблівага. Сустрэча з Богам не патрабуе выключнага месца, абставінаў, добрага ці дрэннага настрою, платы, ні тым больш прычыны…

Сустракаю людзей, якія неразумна апраўдваюцца: «У мяне няма часу для малітвы! Маю столькі спраў на працы, не менш дома! Няма калі нават адпачыць. А калі надыходзіць вечар, то няма сіл ні на што…» Так кажуць. Кажуць цалкам бяздумна, як быццам абараняючыся і хочучы ўцячы ад сустрэчы з Богам Айцом… Так робяць хрысціяне? Тыя хрысціяне, якія лічаць сябе практыкуючымі і пабожнымі? Хтосьці скажа: «Але я хаджу ў касцёл кожную нядзелю!»

Шмат для каго такая размова пра час, прысвечаны Богу, здаецца банальнай і нуднай. Aле ці сапраўдны, практыкуючы хрысціянін не павінен размаўляць са сваім Айцом? Ці ж не павінен прысвячаць Яму крыху больш увагі? Кім з’яўляецца хрысціянін, які не мае часу для Бога??? Не з’яўляецца хрысціянінам. Гэта здаецца даволі простым, але адначасова настолькі складаным! Замест Бога — грошы, праца? «Ніхто не можа служыць двум гаспадарам». Хто гэтыя два гаспадары? Адным з іх з’яўляецца Хрыстус, наш сапраўдны, адзіны Пан, другі — мамона, дрэнны, ілжывы пан. Служыць мамоне — быць зняволеным і залежным ад нейкага матэрыяльнага дабрабыту. Такім чынам, служым або Богу і любім толькі Яго, а ненавідзім мамону, або прывязваемся да матэрыяльнага дабрабыту і пагарджаем Богам.

Гэта праўда, вельмі простая праўда! Таму людзі бессэнсоўна ў вачах Бога прыдумваюць апраўданні, якія ў прынцыпе апраўданнямі і не з’яўляюцца. Як я знаходжу час для Пана? Увогуле яго не знаходжу, бо гэты «час» пастаянна трывае, бесперапынна, на працягу ўсяго жыцця. Не трэба яго шукаць! Хіба Бог не ўсюды? Ці ж няма Яго ў любы час дня або ночы?

Сапраўды, пошук не патрэбны! Бог ёсць заўсёды, але не заўсёды людзі разумеюць гэта. Не думаюць пра такія рэчы ў сваім жыцці, поўным разгубленасці. Не думаюць пра тое, што могуць звярнуцца да Яго ў любы час, на працы ці займаючыся хатнімі справамі. Проста падумаць пра Бога, пагаварыць з Ім, даверыць Яму свае штодзённыя клопаты і праблемы — усё гэта таксама з’яўляецца малітвай. Дастаткова папросту паразмаўляць. Скажы: «Божа! Люблю Цябе! «Нават гэтага будзе дастаткова…

Памятай, Бог заўсёды, у любую хвіліну глядзіць на цябе, слухае і, што самае галоўнае, заўсёды любіць цябе!

Гэта і ёсць самая простая рэч, якую можа зрабіць у сваім жыцці хрысціянін, трэба, толькі свядомасць і вера. Бог Вечны і Звышнатуральны. Не трэба Яго чакаць, не трэба Яго шукаць, бо Ён заўсёды побач. Дастаткова толькі быць свядомым гэтага… нічога больш. Немагчыма сказаць: у мяне няма часу для Бога.

Кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, waladarka.by

для друку для друку