Жыхароў Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў павіншавалі з Калядамі

27 снежня 2018 года ў свята святога Яна, апостала і евангеліста, у капліцы Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, з нагоды свята Божага Нараджэння, адбылася ўрачыстая святая Імша. Пасля Эўхарыстыі адбылося дзяленне аплаткам з пражываючымі і вернікамі-валанцёрамі, якія клапоцяцца пра тое, каб кожны жадаючы, які знаходзіцца ў доме-інтэрнаце мог узяць удзел ў святой Імшы.

Групай валанцёраў кіруе сястра Антонія з супольнасці Сясцёр Служабнічак Багародзіцы Марыі, якая нясе сваю паслугу ў парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Трэба адзначыць, што валанцёрамі ў доме-інтэрнаце з’яўляюцца не толькі некаторыя вернікі парафіі св. Антонія, але таксама і вернікі з парафій Езуса Міласэрнага і Святога Духа, якія знаходзяцца ў Віцебску. Валанцёры разам з с. Антоніяй павіншавалі жыхароў дома з Калядамі, а таксама ўручылі салодкія падарункі.

Некалькі дзён пазней, а дакладна 3 студзеня 2019 года, ужо малодшая частка вернікаў парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску, пад кіраўніцтвам сястры Мажэны, паказала батлейку для жыхароў дома-інтэрната, якая дарэчы, заняла трэццяе месца на дыяцэзіяльным конкурсе батлеек.

Дзеткі з парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску разам з сястрой Ёнашай, з супольнасці Сясцёр Служабнічак Найсвяцейшай Дзевы Марыі Беззаганна Зачатай, парадавалі пражываючых святочнымі спевамі калядак, а таксама падарылі цукеркі. Дзеткі дарылі свае ўсмешкі і жывыя адносіны, якіх часам так не хапае жыхарам гэтай установы.

Кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку