Журналісты «Каталіцкага Весніка» наведалі Эстонію (+відэа)

AugustynЖурналісты “Каталіцкага Весніка” наведалі эстонскі горад Валга, які находзіцца на самай мяжы з Латвіяй. Эстонія – краіна, дзе пераважаюць вернікі-пратэстанты, але ёсць і католікі. Мы наведалі парафію Святога Духа ў Валзе і паразмаўлялі з пробашчам гэтай парафіі айцом Аўгустынам Лёска.

– Даўно Вы працуеце ў Эстоніі?

Ужо больш за дваццаць гадоў.

– А шмат католікаў у Эстоніі?

Трэба сказаць, што і жыхароў у Эстоніі не так шмат, крыху больш за мільён. А католікаў тут недзе каля трох тысячаў.

– Ці вялікая парафія ў Валзе?

– Парафія ў Валзе нешматлікая. На нядзельную Імшу прыходзіць чалавек пятнаццаць-дваццаць. А ў буднія дні можа быць два-тры чалавекі, а можа і нікога не быць. Я тады адзін з Панам Богам размаўляю.

– А распавядзіце пра гісторыю гэтага касцёла.

– У пачатку ХХ стагоддзя гэты храм быў пабудаваны для палякаў. Тут шмат палякаў працавала на чыгунцы. Гэта было яшчэ ў часы царскай Расіі.

У савецкі час з храма зрабілі склад, потым гімнастычную залу. Пасля ў ім пацёк дах, ён стаў разбурацца.І калі ўжо стала магчымым стварыць тут парафію, ужо ў часы незалежнай Эстоніі, тады біскуп і вернікі пастараліся, каб аднавіць гэты храм. І ў стогадовы юбілей касцёла ён быў паўторна асвечаны.

valga_4

– А вернікаў якой нацыянальнасці ў Вашай парафіі больш?

– Тут цяжка сказаць. Ёсць і латышы, і палякі, і рускія, і эстонцы. Ёсць і беларусы. Паколькі горад размешчаны на самай мяжы, то прыходзяць вернікі і з Латвіі.

– А на якой мове ў Вас ідзе Імша?

– Імшу я вяду на рускай мове. Калі і прысутнічаюць эстонцы, то некаторыя чытанні раблю на эстонскай мове. І малітву “Ойча наш” чытаю на мовах тых народаў, прадстаўнікі якіх ёсць на богаслужэнні.

– Распавядзіце крыху пра сябе.

– Я нарадзіўся ў Польшчы, у Сілезіі, у мястэчку Ціхі. Вучыўся ў Кракаўскай семінарыі і ў 1958 годзе стаў святаром. Дзевяць гадоў я быў парафіяльным ксяндзом, а потым стаў манахам-францішканцам. І праз два гады я паехаў місіянерам у Афрыку, у Заір. Там я служыў дзевятнаццаць гадоў. А ўжо з Афрыкі я накіраваўся ў Расію, у Новасібірск. Там два гады служыў.

А ўжо з Новасібірска я прыехаў у Эстонію. Дзевятнаццаць гадоў служыў у парафіі ў Кохла-Ярве, потым два гады ў Нарве, і зараз ужо трэці год працую тут, у Валзе.

– А як працавалася ў Афрыцы?

– Вельмі добра. Там у мяне было недзе каля дваццаці хрысціянскіх абшчын. І ў кожнай у мяне быў памочнік, які арганізоўваў жыццё абшчыны, праводзіў навучанне з кандыдатамі да хросту, да канфірмацыі. Тэрыторыя ў мяне была вельмі вялікая, я не паспяваў прыехаць кожную нядзелю ва ўсе абшчыны, таму гэты памочнік сам арганізоўваў там малітву. І хаця яна праходзіла без Эўхарыстыі, людзі слухалі Божае Слова, спяваў хор. Сярод найбольш актыўных вернікаў былі выбраныя катэхісты, якія чыталі Божае Слова, праводзілі казанні, дапамагалі рыхтаваць вернікаў да прыняцця святых Сакрамантаў. А калі ўжо я прыязджаў, то спавядаў людзей, праводзіў сакраманты хросту, вянчання.

Ну і шмат было дзяцей. Вельмі шмат. Я звычайна прыязджаў на джыпе, то дзеці заўсёды мяне радасна сустракалі. Да Імшы мы вучылі з імі дзесяць Божых запаведзяў, малітву “Ойча наш”. Наогул, дзеці вельмі радасна мяне сустракалі.

– А дзе Вам найлепей было працаваць?

– А я не параўноўваю. Усюды ёсць Касцёл, ёсць Цела і Кроў Хрыста, усюды ёсць народ Божы.

– А як Вы ацэньваеце нядаўнюю сустрэчы Маскоўскага Патрыярха і Папы Рымскага?

– Вельмі добра. Я лічу гэта дарам Духа Святога. І хаця не ўсе кіраўнікі царквы ставяцца да яе прыхільна, сярод простых вернікаў, на маю думку, прысутнічае разуменне важнасці гэтай сустрэчы.

– А ці ёсць будучыня ў каталіцкага Касцёла тут, у Эстоніі?

– Гэта ў руках Пана Бога. Шмат людзей прыходзіць і кажуць, што хацелі б прыняць хрост. Але чамусьці доўга да гэтага збіраюцца. Я ўсё чакаю, чакаю…

Шмат дзяцей прыходзіць, нават тыя, якія хрысціўся ў праваслаўнай Царкве. Прыходзяць, каб па-сяброўску паразмаўляць са святаром. І будучыню я бачу ў такіх зносінах. І калі святар будзе адкрыты на такія зносіны, хоць гэтыя людзі пакуль не ўдзельнічаюць у святой Імшы, я думаю, што гэтыя людзі прыйдуць да Бога. Я ў гэтым бачу надзею для нашай парафіі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку