Жодзіна: Брат Павел Федаровіч МІС склаў вечныя манаскія абеты

dsc07231Суботняя ранiца 3 кастрычнiка выдалася незвычайна святочнай: першы раз за хмурны тыдзень засвяцiла яркае сонейка, а чырвонае лiсце клёнаў на праспекце Венiсье асаблiва ўпрыгожвала шлях да нашага касцёла. Паступова з розных вулiц Жодзiна i шматлiкiх iншых мясцiн не толькi Беларусi, але i з замежжа прыбывалi госцi, каб прыняць удзел у небывалай дагэтуль у нашай святынi ўрачыстасцi – складаннi вечных манаскіх абетаў брата Паўла Федаровіча МІС.

Лёгкае, дрыготкае хваляванне напаўняла наш касцёл, хiба што толькi шчырыя ўсмешкi i гарэзлiвае сонейка, якое заглядвала праз вокны, знiмалi ўзрастаючае з кожнай хвiлiнай напружанне: вось-вось усё распачнецца.

Урачыстая працэсiя аказалася нетыпова вялiкай: расцягнулася ад парога касцёла да самага алтара. Сярод добра знаёмых твараў айцоў-марыянаў, якiя працавалi калiсьцi у нашай парафii, было шмат невядомых святароў, клерыкаў, звязанных якiмсьцi чынам з цэнтральнай асобай гэтага дня – братам Паўлам, скромна iдучым у самым канцы.

Калi наш ксёндз-пробашч пачаў вiтаць i агучваць спic, прыбыўшых на свята гасцей, стала зразумела, што няма выпадковых: кожны датычыць пэўнага этапа фармавання асобы бр. Паўла – ад нараджэння, дзяцiнства з Лiды – ксёндз-пробашч Уладзімір Гуляй з роднай парафii Узвышэння Святога Крыжа (Лiда-Фара), далейшай вучобы з Гродна – сябры-семiнарысты, з Люблiна – рэктар разам з іншымі выкладчыкамі, да часу працы зноў на Беларусi – лідэры і удзельнікі моладзевага “Аазіса”.

Безумоўна адной з цэнтральных асобаў стаў правiнцыял Ордэна айцоў-марыянаў а. Павел Наўмовiч МІС, якi ўзначалiў Святую Эўхарыстыю, а таксама на рукi якога былi складзены вечныя шлюбы, вылучаючыя марыянскую супольнасць – шлюб убогасцi, чысцiнi, паслухмянасцi.

У прамоўленай гамiлii правiнцыял асаблiва зазначыў, што жыццёвы выбар бр. Паўла – гэта своеасаблiвы выклiк сучаснаму свету. Свету, якi пакладае перад маладым чалавекам шматлiкiя спакусы – спаўнення фiнансавага, сексуальнага, набыцця ўлады. На першы памылковы погляд, гэтыя элементы з’яўляюцца закладам поспеху, шчасця, нават зайздрасцi акружаючых. Для ўсiх, але не для сапраўднага хрысцiянiна, таго, хто не ставiць зямное часовае вандраванне вышэй вечнага жыцця ў Нябеснай Айчыне. Неаднаразова айцец-правiнцыял звяртаўcя напрамую да «вiнаваўцы» ўрачыстасцi, заклiкаючы яго, калi ганарыцца, то толькi Хрыстом укрыжаванным, але адначасова звяртаўся да кожнага з прысутных. Бо кожнае паклiканне нават да свецкага жыцця патрабуе ад нас пэўных высiлкаў, каб не збочыць з Божай дарогi. I тым прыгажэйшае нашае жыццё, калi маем адвагу адказаць Богу «Так».

Дарэчы, на мой погляд, асаблiва кранальным момантам святой Iмшы стаў марыянскi гiмн у выкананнi братоў у ордэне.

Завяршылася урачыстасць, канешне, шматлiкiмi падзякамi, выказанымi братам Паўлам у адрас бацькоў, якiя радуюцца за яго ужо ў Айчыне Нябеснай, прысутных – cястры Наталлi, хросных бацькоў, сяброў, выкладчыкаў, сясцёр законных з розных ордэнаў, якiя прысутнiчалi ў вялiкай колькасцi, усiм, хто прычынiўся да арганiзацыi, падрыхтоўкi, правядзення гэтай значнай у яго жыццi падзеi–станаўлення марыянiнам. А таксама дзякаваў усiм, хто прыйшоў раздзялiць з iм гэтую радасць, бо ўпэунены, што сёння ў касцёле няма выпадковых людзей: кожнага з прысутных прывёў Пан Бог.

Напрыканцы ж наш пробашч зазначыў, што марыянскiх парафiй на Беларусi пакуль што зусiм незашмат, таму маем надзею, што калi-небудзь брат Павел будзе працаваць i ў нашай жодзінскайпарафii, тым карысней зрабiць ужо зараз малiтоўную iнвестыцыю – памятаць аб iм у сваiх малiтвах. Таму, паважанныя парафiяне, маем ганаровы абавязак асаблiва малiцца за асобаў кансэкраванных, станаўленне якiх адбываецца на нашых вачах.

dsc07234 dsc07247 dsc07277

Вольга Славінская, catholic-zhodzina.by

для друку для друку