Жэсты і словы Папы – буйная фотавыстава адкрылася ў Аргентыне

Ілюстрацыйнае фота

«Жэсты і словы Хорхэ Марыё Бэрголіа» – буйная фотавыстава пад такой назвай адкрылася ў Буэнас-Айрэсе. Яна прысвечана жыццю і дзейнасці Папы Францішка.

Мэта ініцыятывы – бліжэй пазнаёміць аргентынцаў з постацю Святога Айца, аб якім яны, парадаксальным чынам, ведаюць даволі мала, распавёў Vatican News навуковы куратар выставы, прафесар Масіма Баргезі – пісьменнік, аўтар інтэлектуальнай біяграфіі Папы, выкладчык маральнай філасофіі ў Перуджынскім універсітэце.

Паводле даследчыка, яскравай рысай паклікання Францішка, з’яўляецца яго ўкаранёнасць у харызмаце св. Ігнацыя Лаёлы, прыналежнасць да Таварыства Езуса. “Ігнацыянская духоўнасць – глыбока хрыстацэнтрычная, сканцэнтраваная на асобе Езуса, укрыжаванага і ўваскрослага”, — сказаў навуковец.

Масіма Баргезі зазначыў, што пакліканне Францішка і яго канцэпцыя хрысціянства – “надзвычайна місійныя”. Пастаянныя заклікі Пантыфіка да таго, каб Касцёл “выходзіў насустрач” людзям, каб быў “палявым шпіталём”, указваюць “на жаданне выйсці за сцены бастыёну, гета”.

“Яны ўказваюць на ідэю хрысціянскай прысутнасці ў свеце, якая з’яўляецца сведчаннем для тых, хто далёка, бо тых, хто блізка, засталося няшмат”, — лічыць куратар выставы.

Фотавыстава, прысвечаная Святому Айцу, складаецца з сямі частак. Яна распавядае пра езуіцкую духоўнасць Папы, яго культурную і інтэлектуальную фармацыю, погляды на праблемы адзінства, канфлікты, увагу да перыферый і іншыя аспекты. У 2018 г. праект быў рэалізаваны ў італьянскім Рыміні ў рамках штогадовай Сустрэчы сяброўства паміж народамі, якую арганізуе супольнасць “Камунія і вызваленне”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку