Жаночае святарства ў Касцёле?

zanoczaje swatarstwaСустрэча Папы Францішка з законніцамі з усяго свету адбылася 12 мая 2016 года ў Ватыкане. Падчас аўдыенцыі больш чым 800 сясцёр, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц, мелі магчымасць звярнуцца да Святога Айца з пытаннямі і атрымаць прамы адказ ад бачнага галавы Касцёла.

Сярод узнятых праблемаў асобнай групай вылучаюцца пытанні адносна права жанчын прапаведаваць на Імшы ды допуску жанчын да пастаяннага дыяканату на ўзор старажытнага Касцёла, што мае непасрэдныя адносіны да пытання пра магчымасць жаночага святарства.

Святарства – місія мужчын

Дадзеная тэма не ўпершыню ўздымаецца ў Каталіцкім Касцёле ў апошнія дзесяцігоддзі. Тэму жаночага святарства разглядаў таксама св. Ян Павел ІІ. Каталіцкі Касцёл, дапускаючы да святарства толькі мужчын, грунтуецца на тым, што на Тайнай Вячэры, калі Хрыстос наказваў вучням здзяйсняць Эўхарыстыю, прысутнічалі толькі дванаццаць апосталаў.

Менавіта Эўхарыстыя ў найбольшай ступені выражае сабой адкупленчы акт Хрыста-Жаніха ў адносінах да Яго Нявесты-Касцёла. Відавочна, сэнс ёсць у тым, што здзяйсненне сакраманту Эўхарыстыі, пры якім святар дзейнічае “ў асобе Хрыста”, ажыццяўляецца мужчынам. У такой інтэрпрэтацыі мужчынскае святарства мае сімвалічны сэнс: адкупленчая ахвяра Хрыста разглядаецца як “мужчынская” (ахвяра Жаніха), і таму яе сімвалам выступае служэнне святара-мужчыны.

Адказваючы на пытанні пра магчымасць прапаведавання жанчынамі ў Касцёле, Папа Францішак заявіў, што няма ніякіх падстаў, каб жанчына, свецкая верніца або кансэкраваная, не магла б прапаведаваць падчас Літургіі слова. Аднак паколькі святарскага пасвячэння не ўдзяляецца жанчынам, яны не могуць прамаўляць гаміліі (тлумачэнне Святога Пісання падчас Святой Імшы).

Дыяканэсы ранняга Касцёла

Больш неадназначным з’яўляецца пытанне адносна пастаяннага дыяканату для жанчынаў. Папа адзначыў, што роля так званых дыяканэс у раннім хрысціянстве не зусім зразумелая. “Я спытаюся ў Кангрэгацыі веравучэння, ці былі праведзены даследаванні па гэтым пытанні, і даручу заснаваць афіцыйную камісію для яго вывучэння. Думаю, што Касцёл толькі выйграе ад высвятлення гэтага пытання”, – сказаў Святы Айцец.

Ранні Касцёл у пэўны момант сутыкнуўся з праблемай. Калі ён у дастатковай меры вырас колькасна, апосталы, не могучы выконваць усе служэнні ў ім, заявілі, што жадаюць засяродзіцца на малітве і служэнні словам. Яны папрасілі вернікаў абраць людзей для выканання функцый, якія мы цяпер называем дыяканскімі. Важны факт адзначыў Папа Францішак у выступе перад амерыканскімі біскупамі ў Філадэльфіі ў верасні мінулага года, што дыяканат – гэта вынаходніцтва Касцёла. Тое, што было заснаванае Касцёлам, можа быць тым жа Касцёлам зменена.

Дыяканат – гэта асобнае служэнне, якое папярэднічае святарству, пры тым, што дыяканы не з’яўляюцца святарамі. Прыняцце сану дыякана зусім не азначае, што гэты чалавек аўтаматычна атрымлівае права ў будучыні стаць святаром. Самыя раннія формы служэння жанчын-дыяканаў распаўсюджваліся на іншых жанчын і на дзяцей: жанчыны-дыяканы дапамагалі падчас хросту жанчын (лічылася непрыстойным, каб мужчына памазваў жанчыну); жанчыны-дыяканы катэхізавалі жанчын і дзяцей; жанчыны-дыяканы падтрымлівалі парадак у жаночай палове богаслужбовага сходу і дзяжурылі каля дзвярэй, праз якія ўваходзілі жанчыны; жанчыны-дыяканы наведвалі хворых жанчын і памазвалі іх асвечаным алеем.

Сёння практычна ўсе адмыслоўцы ў гісторыі Касцёла згодныя з тым, што жанчыны, названыя дыяканамі, а пазней – дыяканэсамі, былі носьбіткамі служэння, але сур’ёзныя рознагалоссі існуюць адносна іх сакрамантальнага пасвячэння. Менавіта гэтыя супярэчныя моманты і павінна будзе даследаваць багаслоўская камісія, пра стварэнне якой казаў Святы Айцец падчас сустрэчы з законніцамі.

а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі