Жанчына, твае вочы – чыстае неба. Віншаванне жанчынам ад біскупа Юзафа Станеўскага

Блог біскупа Юзафа Станеўскага 8 сакавіка прысвечаны жанчынам.

Узлюбленыя ў Хрысце Пану сёстры!

У Жаночы дзень ён не дарыў кветкі жанчынам, але цэлебраваў у іх інтэнцыі святую Імшу. Ён з вялізнай павагай ставіўся да жанчыны, асабліва да багацця яе ўнутранага жыцця.

Ён не меў сястры, а яго маці памерла, калі яму было восем гадоў. З вялікай настойлівасцю ён заклікаў да захавання годнасці і недатыкальнасці жанчын. Для таго, каб абараніць асобу жанчыны, для таго, каб зразумець яе годнасць і прыгажосць.

Ён – гэта святы Ян Павел ІІ, папа. Хто ж, як не святыя, найлепш вучаць нас, як святкаваць Жаночы дзень?..

Кс. Караль Вайтыла – будучы св. Ян Павел ІІ – заўсёды меў прыязныя адносіны з жанчынамі. Фота dailystar.co.uk

Святы Ян Павел II, папа, напісаў пяць дакументаў, прысвечаных жанчыне: “Роля навучання жанчын”, “Ліст да святароў аб жанчыне”, “Ліст да ўдзельнікаў чацвёртай Сусветнай канферэнцыі аб жанчынах”, Апостальскі ліст да жанчын Mulieris Dignitatem аб годнасці і пакліканні жанчын і энцыкліку Redemptoris Mater – “Маці Адкупіцеля”, – прысвечаную самай вялікай з жанчын – Марыі.

Ён глядзеў на жанчыну як на вобраз найдасканальшай Жанчыны – Божай Маці Марыі.

Св. Ян Павел II, з аднаго боку, казаў аб геніяльнасці сэрца жанчын, а з другога падкрэсліваў, што сэрца павінна быць паддана розуму і справядлівасці. Ён казаў, што калі геніяльнасць сэрца жанчын не будзе збалансавана з розумам, справядлівасцю і верай, то яно можа быць разбуральнай сілай.

Таму дазвольце павіншаваць вас, дарагія жанчыны, і запэўніць у нашай малітве. Выказваючы словы найлепшых пажаданняў, дзякуем вам за тое, што вы рэалізуеце пакліканне, якім Пан Бог адарыў вас. Жадаем вам Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай Марыі, Каралевы Беларусі. Няхай любоў і павага, якімі адорваў святы Юзаф Марыю, прысутнічаюць у вашым штодзённым жыцці з боку вашых мужоў, а прыклад паслухмянасці Дзіцяткі Езуса да Маці Марыі заахвоціць вашых дзетак да яшчэ большай цеплыні да вас. Няхай Марыя Панна, найпрыгажэйшая з жанчын, будзе ўзорам для вас у наследаванні Яе духоўнай прыгажосці.

Фота: pixabay.com

Перажываючы перыяд Вялікага посту, просім Марыю, якая спадарожнічала свайму Сыну Езусу Хрысту ў Яго Крыжовым шляху на Кальварыю і якая стаяла каля Крыжа Сына, аб моцы веры і непахіснасці надзеі для вас, спавітай бязмежнаю любоўю, што мае моц пераадолець усе цяжкасці.

Няхай перад вашай жаночасцю і прыгажосцю схіляюцца ўсе кветкі свету.

З малітвай і павагай, біскуп Юзаф Станеўскі.

Catholic.by
Фота: pixabay.com

для друку для друку